Праўда жыцця і перадвыбарчыя абяцанкі
У бліжэйшы час тэмай №1 у Беларусі застануцца выбары. Хай сабе і насамрэч – самыя нецікавыя выбары апошняга часу. Не адкруцішся. Выбары ёсць выбары.
Не абышлося і цяпер без пэўнай палітычнай рыторыкі. Некаторых характэрных тэлепраектаў, шоў ды “дакументальнага” кіно. Выбары!
Не абыходзіцца і без перадвыбарных абяцянняў. Чыноўнікі раптам захваляваліся, як невідушчы выбаршчык ці выбаршчык на інвалідным вазку зможа выканаць свой грамадзянскі абавязак найлепшым чынам. Так бы мовіць непасрэдна паўдзельнічаць у працэсе, а не сядзець дома ды чакаць чароўную чырвоную скрыначку.
У спісы для галасавання на выбарах Прэзідэнта Беларусі ўключаны 6 995 181 чалавек, удакладняе БЕЛТА. На ўліку кожны! І кожнай катэгорыі грамадзянаў трэба штосьці паабяцаць, а то возьмуць і не дойдуць да выбарчага ўчастка. Сыдуць на пару крокаў улева ці ўправа… Шукай іх потым!
У Беларусі будуць прыняты дадатковыя меры па развіцці сістэмы сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай падтрымкі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, самотных інвалідаў і проста пажылых людзей. Гэта прадугледжваецца канцэпцыяй дзяржаўнай праграмы “Сацыяльная абарона і садзейнічанне занятасці ў 2016-2020 гг.” Усё сур’ёзна.
Штогод будзе праводзіцца маніторынг умоў пражывання ветэранаў ды самотных інвалідаў, і штогод будуць арганізоўвацца комплексныя медагляды ветэранаў ВАВ.
Усё гэта правільна, толькі вось ветэранаў сапраўдных мала засталося – нагрузка на бюджэт невялікая. Калі ж паглядзець у бок маладых беларускіх інвалідаў, асабліва інвалідаў-вазочнікаў, то разумееш простую рэч: жывуць яны нашмат цяжэй, чымсьці людзі з аналагічнымі праблемамі ў РФ ці Украіне.
Ва Украіне, што страціла частку сваіх тэрыторый ды знаходзіцца практычна ў вайсковым становішчы, інваліды-вазочнікі маюць права на атрыманне электравазка ды адпачынак у санаторыі. Мора ці горы на выбар. Бясплатна.
Інваліды-вазочнікі з РФ раз на два гады маюць права на бясплатную пуцёўку ў санаторый сабе і суправаджаючаму, а таксама – на бясплатны праезд у безбар’ерным спецкупэ.
Выснова? Мы бедныя і не можам сабе дазволіць многіх элементарных па сутнасці рэчаў. Элементарных нават для нашых далёка не заможных суседзяў.
Не дзіва, што некаторыя беларускія інваліды-вазочнікі атрымліваюць расейскі від на жыхарства з мэтай атрымаць расейскую пенсію і расейскія сацыяльныя бонусы, жывучы ў Беларусі. Хтосьці, магчыма, і карту паляка атрымлівае з падобнымі мэтамі… Жыву ў Беларусі і тым ганаруся? Так, патрыятычна, толькі вось пенсія па інваліднасці ў пачатку лета і ў пачатку восені 2015 года – зусім розныя велічыні. У цвёрдай валюце, да якой прывязаны здаровыя і хворыя, маладыя і пажылыя. Праўда жыцця. Не адкруцішся.