Права быць…
Усе апытанні грамадскай думкі – справа адносная…
Сёння чалавек у гуморы (надвор’е добрае, адчувае сябе цудоўна, заробак атрымаў…) – адказвае вось так, а заўтра – зусім па-іншаму (надвор’е сапсавалася, даўгі раздаў і доўга чакаць наступнага заробку, галава баліць…)
Калі ж казаць пра жаночую логіку, то ўвогуле цікава атрымліваецца: сёння яна пафарбавалася ў аранжавы колер, а заўтра перадумала і вярнулася да класічнага зялёнага, сёння рамонт ідзе ў адным стылі, а заўтра – у іншым… Галоўнае не парушаць правы іншых. Кожны з нас адказвае за свой гаманец, сваю галаву і рамонт у сваёй хаце. І ўсё роўна, самае цікавае – размовы і меркаванні! Хай сабе сёння адно, а заўтра трохі іншае. З часам выведзецца сярэдне-арыфметычнае ў розных поглядах на адну падзею, а рамонт у хаце будзе зроблены… Весела і арыгінальна. Крыўдна іншае. Забарона любых апытанняў/абмеркаванняў. Забарона жаночай логікі як з’явы. У Беларусі цяпер можна назіраць за двума гэтымі працэсамі. Беларускім СМІ забаранілі праводзіць апытанні пра рэйтынгі палітыкаў. Беларускім жанчынам публічна і ў даволі некарэктнай форме забаранілі ісці ў вялікую палітыку… То бок жанчына-прэзідэнт – не, не і яшчэ раз не! Пасядзець ціха дзесьці там, у парламенце, – заўжды калі ласка! Галоўнае паспець пасля працы зварыць мужу смачны боршч, хай сабе ён і працуе зваршчыкам, сантэхнікам або міліцыянерам… Пры ўсёй павазе і да гэтых важных прафесій. Проста ў нас дэфіцыт мужчын, а жанчын не цэнім, забываючыся, што гэта моцны тыл і надзейны электарат. Дарма.
Адна сталічная прадпрымальніца пакрыўдзілася ўсур’ёз і нават звярнулася ў Цэнтральную камісію РБ па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Дыскрымінацыя? Факт. Думаецца, у адказ на свой зварот жанчына атрымае чарговы рэцэпт баршчу (пытанне – у электроннай або папяровай версіі?) І тут два варыянты – варыць баршчы або пайсці ў народ з пустым рондалем. Ці варта было правакаваць жанчын на такія гучныя ўчынкі? Позна. Справа зробленая.