Проста за вокнамі зіма!
Падмарожвае… Сіноптыкі зноўку пужаюць народ анамальна нізкімі тэмпературамі.
Зрэшты, за вокнамі люты месяц, то ці варта здзіўляцца марозу? Варта апранацца цяплей. Нешта падобнае адбываецца і з іншымі беларускімі рэаліямі. Не варта здзіўляцца – варта спяшацца… Браць інтэрв’ю ў цікавага чалавека, бо заўтра яго могуць пасадзіць у турму або – пад хатні арышт. Ён можа папросту з’ехаць. Або штосьці іншае. З кнігамі – тое ж… Вось у выдавецтве «Кнігазбор» канфіскавалі ўвесь наклад раману “Рэвалюцыя” Віктара Марціновіча. Нешта падобнае было раней з раманам “Параноя” – гісторыя паўтараецца?
Нашы дні і параноя як псіхалагічная з’ява – сінонімы. Мастака, які кінуў у АМАП кветку, асудзілі на 4 гады ўзмоцненага рэжыму… З іншага боку барыкадаў так баяцца любой расліннасці? Усмешак, кветак, бранзалетаў пэўных колераў? Дарэчы, пра колеры: петыцыю ў абарону бел-чырвона-белага сцягу і сімволікі дадзеных колераў падпісалі ў інтэрнэце больш за 100 тысячаў чалавек. Ці будзе гэта прынята пад увагу Генеральнай пракуратурай? Пабачым.
Гарадзенец вырашыў спэўніць, як правільна сушыць адзенне чырвоных і белых колераў на гаўбцы і напісаў запыт у гарадскі выканаўчы камітэт. Атрымаў адказ: гарвыканкамам не рэгламентуюцца пытанні вядзення хатняй гаспадаркі асобных грамадзянаў. Насамрэч? Гэта ўжо прэцэдэнт.
І ўсё ж па многіх пытаннях паводзінаў у грамадскіх месцах некаторыя грамадзяне вымушаны ўзаемадзейнічаць з мясцовымі ўладамі. Возьмем безбар’ернае асяроддзе, пандусы і пад’ёмнікі. Тут без дазволу мясцовых уладаў не абыдзешся, але з імі прасцей узаемадзейнічаць пры дапамозе людзей з юрыдычнай адукацыяй. У прыватнасці, такія пытанні дапамагае вырашаць Офіс па правах людзей з інваліднасцю. Юрысты Алег Граблеўскі і Сяргей Драздоўскі з «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» трапілі ў цесныя абдымкі праваахоўнікаў. Акрэсціна і хатні арышт адпаведна. Сяргей – вазочнік. Пэўна ж, на Акрэсціна няма пандусаў. Застаецца назіраць, як параноя ў дзяржаве прагрэсуе. Нічога дзіўнага. Проста за вокнамі… зіма!