Простая арыфметыка
Прыгажосць патрабуе ахвяраў… Ці заўжды яны апраўданыя і ці гатовыя іх аплаціць падаткаплацельшчыкі? Пытанне падвісае ў паветры… Прыгадваеш пару гісторый.
Гісторыя з гомельскай прыбіральняй за мільён долараў. Напярэдадні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі паскоранымі тэмпамі збудавалі грамадскую прыбіральню. Платную. Шыкоўную падземную прыбіральню на беразе Сожа, убудаваную ў гару. Зверху – гомельскі парк… Прыгажосць! У самой прыбіральні – усемагчымыя “навароты”, пачынаючы ад харошай сантэхнікі і заканчваючы пад’ёмнікамі для вазочнікаў. Хацелі безбар’ернае асяроддзе? Трымайце. Пытанне, за які час такая прыбіральня акупіцца, ужо не стаіць. Па пэўных звестках, яе зачынілі. Дзіўна. Пэўна, каб пад’ёмнікі адразу ж не зламалі.
Хай сабе пытанне з гомельскай прыбіральняй – мабыць, часова! – знятае, але застаецца пытанне з іншымі навабудамі. Возьмем, напрыклад, будынак Вярхоўнага суда ў Менску, які павінны былі здаць 7 лістапада і трохі прыпазніліся. Здадуць усё роўна – куды ж яны падзенуцца? Тут цікавей пра дызайн паразважаць. Многія блогеры ўжо пачыталі дакументы ў адкрытым доступе і падлічылі, колькі там што каштуе.
У парадным холе будзе знаходзіцца скульптурная кампазіцыя. Дамінанта інтэр’еру – багіня Феміда… Лагічна, але ці вытрымліваецца логіка ў коштах усёй гэтай прыгажосці? Больш за 700 тысяч еўра. Не будзем лічыць да капейкі (або еўрацэнта!): курс плавае туды-сюды ў залежнасці ад настрояў нашай пераменлівай эканомікі. Тым часам палатно Хаіма Суціна можна было б прыдбаць за 75 тысяч еўра, а Марка Шагала – за 225 тысяч. У парадным холе Вярхоўнага суда працы вядомых землякоў-мастакоў выглядалі б сціпла і прыстойна. Дадавалі б яму інтэлектуальнасці, інтэлігентнасці і густу.
Далі зарабіць айчыннаму мастацкаму камбінату! Што тут дадаць? Хіба што нічога. Што падаткаплацельшчыкі скажуць пра такі выбар? Прымружылі вочы ды ўсё. Ці то за Феміду плаціць, ці то за Шагала – іх ніхто не пытае! Меней ведаеш – лепей спаць будзеш.