Просты беларускі хлопец з Ліды… Нечаканы працяг гісторыі



Вось здараецца, што распавядаеш жыццесцвярджальную гісторыю, радуешся, хочаш парадаваць іншых – і ў нашых шэрых шыротах ёсць пазітыў! А раніцай наступнага дня чытаеш сваю навіновую стужку фэйсбука і разумеш – сум.

Гутарка ідзе пра Аляксандра Аўдзевіча з горада Ліда. Хлопец атрымаў сур’ёзную траўму пазваночніка, сеў у інвалідны вазок, але не зламаўся насамрэч – рэабілітаваўся, стварыў раённую арганізацыю-філіял Асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў ды стаў дапамагаць іншым.

Адна з добрых спраў Сашы – спартовая заля ў Лідзе, дзе людзі з праблемамі апорна-рухальнага апарату могуць трэніравацца бясплатна. У бліжэйшых планах – басейн і саўна.

Варта згадаць і крутое шоу на ютубе, якое зладзіў Аўдзевіч дзякуючы праграме малых грантаў ад амбасады ЗША. “Не губляйся – паспрабуй!” – назва і дэвіз шоу, што дапамагала людзям з інваліднасцю ажыццявіць свае даўнія мары і задумкі. Схадзіць у салон прыгажосці, басейн ці у лазню… Звадзіць сына ў цырк… Усё гэта проста насамрэч, але вельмі складана, калі ты раптоўна сядаеш у інвалідны вазок. Разам са зразумелай на пачатку дэпрэсіяй навальваецца ўся беларуская “бар’ерная” рэчаіснасць. На жаль, многія людзі становяцца палоннікамі чатырох сцен… Карацей, Саша Аўдзевіч казаў: “Не губляйся – паспрабуй!” – і жыццё чалавека змянялася на адзін дзень. Гэта быў першы крок, такі сабе штуршок да магчымых пераменаў.

Ажыццявіў Саша Аўдзевіч і сваю мару. Адну з іх. Праехаў на ручным байку 4000 км. Даехаў да Партугаліі і ўбачыў Атлантычны акіян. 78 дзён і 12 краінаў, у кожнай з якіх знаходзіў сяброў, даваў інтэрв’ю і распавядаў пра Беларусь. Прыляцеў дадому – і ўбачыў, што яго радасна сустракаюць сябры і прыхільнікі ў аэрапорце “Менск-2”… Усё цудоўна! Між тым маці Сашы Аўдзевіча пазбавілі сацыяльных выплат па доглядзе сына.

Дробязь, а непрыемна. Хтосьці падлічыў тыя капейкі, што атрымлівала мама, і пашкадаваў ёй гэтых грошай. Фармальна чыноўнікі з Ліды маюць рацыю: сын падарожнічаў і маці не выконвала сваіх абавязкаў амаль тры месяцы. Баршчы не варыла. Тое, што яна іх перавыканала ў свой час, даглядаючы сына пасля траўмы і аперацыі, кінуўшы сваю ранейшую працу, у залік не пайшло. У нас такія рэчы не залічваюцца.

Усё вышэй пералічанае не перашкодзіла журналістам БТ зрабіць бадзёры-бадзёры сюжэцік да Сусветнага дня турызму і пахваліцца Сашам Аўдзевічам ды яго падарожжам. Не перашкаджае гэта і некаторыі іншым таварышам сцвярджаць, што грошы падаткаплацельшчыкаў – святое. Забываючыся пра некаторыя неапраўданыя траты некаторых крутых “байкераў”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ