Проза жыцця



Прачынаешся, п’еш каву, чытаеш навіны…

Калеснікава і парваны пашпарт. “Наезд” на рэдактара Tut.by (або на яе дачку? Або сумясцілі?) “Дзе тут у вас модна снедаць?” – пытаецца рэдактарка аднаго расейскага СМІ, якое цяжка назваць СМІ. Многія мясцовыя шчыра раяць снедаць, абедаць і вячэраць на Акрэсціна. Ад душы! Але спадарыня дарогу туды пакуль не знайшла і снедала ў рэзідэнцыі з іншым дызайнам (у такім сабе кітайскім стылі…)

Тут навіны пра палітыку, сумленне і яго поўную адсутнасць вычарпаныя і мы прыходзім да грошай, якія кіруюць светам. Без грошай ніяк. Золатавалютныя рэзервы паціху змяншаюцца… То варта зарабляць так, як можаш.

Футбалісты “Крумкачоў” павінны заплаціць за сваю грамадскую пазіцыю і подпісы на майках “Мы супраць гвалту” 3375 рублёў. Фармальная прычына – парушэнне рэгламенту матча.

Таварыству ўласнікаў двух дамоў у сталіцы выпісалі штрафы ў 6750 рублёў. Фармальна штрафы выпісала санітарная служба, а насамрэч справа ў тым, што гэта ўсё – вядомы “Дворык пераменаў”. Менавіта там знаходзіцца мурал з дыджэямі, якіх старанна зафарбоўваюць, бел-чырвона-белыя сцягі, якія муляюць вочы дзіўным нашым кантралюючым органам. Ну, сцягі і сцягі… Ці варта моцна нервавацца? Дзіўныя рэчы.

Нацыя паэтаў зазвычай штрафы выплочвае, але гэтыя грошы маглі б пайсці на больш важныя рэчы… У прыватнасці, наперадзе нас чакае новая хваля кавіду – прыдзецца зноўку скідвацца на сродкі абароны для медыкаў: залатога запасу на гэта не будзе! Прыярытэты іншыя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ