Прымаеш спадчыну? То прымай і даўгі



Дзіўныя рэчы ў свеце адбываюцца. Зрэшты, ці павінны беларусы здзіўляцца? У нашых шыротах увогуле ўсё забаронена, запаролена і ўсе амаль рэсурсы заблакаваныя… Але бліжэй да справы!

Расіяне агучылі “шыкоўную” прапанову: за адмаўленне вырашальнай ролі СССР у перамозе над нацыстамі даваць адразу 15 сутак. Дзяржаўная дума разгледзіць адпаведныя папраўкі да Кодэксу пра адміністрацыйныя парушэнні па прапанове групы дэпутатаў і сенатараў. Нельга адмаўляць, што менавіта СССР перамог нацысцкую Германію, нельга атаясамліваць мэты камуністаў і нацыстаў у час Другой сусветнай, нельга адмаўляць гуманітарную місію СССР. Забарону на ўсе гэтыя дзеянні парламент увёў яшчэ раней і закон падпісаў прэзідэнт Уладзімір Пуцін, але тэорыя і практыка – розныя рэчы. І вось цяпер нашы суседзі вырашылі распісаць падрабязна, каму штраф, каму суткі, каму паўзу ў працы, калі мы маем на ўвазе асобу юрыдычную… Абмен думкамі і гістарычная дыскусія? Не, не чулі. Мы перамаглі – і кропка! Мы самыя лепшыя! Вы не згодны? То ідзем у суд! Дзякуй, спадарства, што не прапанавалі адразу расстраляць.

Тым часам дзеці ГУЛАГУ не могуць дамагчыся праўды ў судзе. У Вярхоўны суд РФ звярнуліся з калектыўнай позвай дзеці ахвяраў сталінскага тэрору. Улады адмаўляюцца прадаставіць ім кватэры ў Маскве ды іншых буйных гарадах, адкуль былі несправядліва выселеныя і выкінутыя іх бацькі. Пажылыя людзі – 16 жанчынаў і 6 мужчын – патрабуюць выканаць закон ад 1991 года і рашэнне Канстытуцыйнага суду Расеі ад 2019 года, якія гарантуюць ім права вярнуцца дадому. Гэта першая калектыўная позва пра невыкананне рашэнняў Канстытуцыйнага суду.

Прымаеш спадчыну? То прымай і даўгі па спадчыне. Любы юрыст пацвердзіць. Дзень Перамогі стаў фетышам, а ГУЛАГ – тым, пра што хочацца забыцца раз і назаўжды? Так не спрацуе. Зрэшты, пажывем – пабачым, дзе прачнемся заўтра.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ