Птушкі і людзі
Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» птушкай 2018 года выбрала чорнагаловага шчыгла. Давайце знаёміцца.
Гняздуецца шчыгол у гарадскіх зялёных насаджэннях, садах, лясных узлесках… У красавіку птушкі разбіваюцца на пары. Птушанят выкормліваюць насякомымі, а самі харчуюцца насеннем дзядоўніку, чартапалоху, лопуху, асоту, цыкорыю… Здаецца, усё мірна і проста, але ёсць у шчыглоў дзве праблемы – каты і дрэвы. Першая праблема – праблема натуральнай канкурэнцыі ў жывой прыродзе, а вось другую стварылі людзі.
Тая ж «Ахова птушак Бацькаўшчыны» распавядае, што шчыглы літаральна пакутуюць з-за знішчэння зялёных насаджэнняў айчынных населеных пунктаў: прыдарожных палос, паркаў, сквераў… Праблема моцнай і непрадуманай абрэзкі дрэваў абвастрылася. Падчас ад дрэва застаецца адзін ствол-слупок. Яшчэ адна вялікая праблема — поўная выразка дрэваў, кустоў і зялёных зонаў для гарадской забудовы (разам з яе ўшчыльненнем), пракладкі камунікацый і іншыя “фішкі” беларускага ландшафтнага дызайну.
Карацей, не толькі для людзей з тонкай душэўнай арганізацыяй, але і для птушак года знішчэнне дрэваў – проста бяда. Ці выратуюць чорнагаловыя шчыглы дрэвы ў нашых гарадах, застаецца пад пытаннем, але і надзея застаецца таксама. Нездарма ж кіраўнік дзяржавы згадаў бягучай восенню пра неабгрунтаванае знішчэнне дрэваў у населеных пунктах. Была дадзена стражайшая ўказіўка дрэваў не чапаць. Пажывём – пабачым.
Тым часам разам плануецца традыцыйны выпуск манеты і маркі з выявай птушкі года. У гарадах і райцэнтрах пройдуць экскурсіі «У пошуках птушкі года». Рух!