Рабі сама



Міністэрства працы паведамляе, што летась больш за 760 жанчынаў атрымалі субсідыі на свой бізнэс, сваю ўласную справу ў тым ці іншым выглядзе. Хтосьці займаецца вытворчасцю, хтосьці – творчасцю, а хтосьці працуе з людзьмі… Усе мы – розныя!

І ёсць выпадкі, калі жанчыны знаходзяць фінансаванне на свой праект самастойна. Адзін з такіх прыкладаў – Кацярына Салавей і Аксана Паспаліта з Бабруйска, якія стварылі “КАТОКС”. У перакладзе з расейскай – якасны алгарытм працаўладкавання для людзей з інваліднасцю і далей ўсё пра тое ж… Дзяўчаты ведаюць, што такое праблемы са здароўем і з пошукам працы, асабліва калі ты жывеш не ў мегаполісе… І ведаюць, што ў 21 ст. многія праблемы вырашальныя, калі ты настроена іх вырашыць самастойна, маеш інтэрнэт і пэўныя веды, уменні, навыкі. Тыповы жаночы падыход з серыі “Рабі сама!”

Карацей, Кацярына з Аксанай вырашылі падзяліцца сваім досведам і дапамагчы знайсці працу іншым. Знайшлі спонсараў і займаюцца падборам вакансій дыстанцыйна. Як усё працуе? Алгарытм наступны: менэджар праекта шукае надзейныя вакансіі, а псіхолагі праекта працуюць з людзьмі, якім патрэбна праца. Вакансіі павінна знайсці таго, хто ім будзе адпавядаць. Зазвычай людзі з інваліднасцю сядзяць па хатах і страчваюць веру ў сябе, у свае сілы, губляюць матывацыю да працы і прагу да жыцця… Але варта чалавеку даць штуршок – і ён змяняецца, змяняючы таксама сваё асяроддзе.

Стварэнне надзейнай базы вакансій і псіхалагічная падтрымка людзей, што адважыліся выйсці з ценю на святло – задача няпростая… Але і тая працоўная рэабілітацацыя, якую людзям з інваліднасцю прапаноўвае дзяржава, – справа часовая. Прыватная ініцыятыва заўжды ратуе сітуацыю. Бадай, варта пажадаць новаму праекту ўдачы…   

Беларускае Радыё РАЦЫЯ