Радаўніца



Жыццё працягваецца… Вясна. Хтосьці з беларусаў ужо пасадзіў бульбу, а хтосьці не паспеў. Кагосьці закідвала “дожджаснегам” – кагосьці сагравала сонейкам.

Вельмі супярэчлівае надвор’е ў гэтыя дні… Вясна… І за Вялікаднем традыцыйна ідзе Радаўніца. Радуемся сустрэчы з душамі спачылых продкаў… Згадваем пра іх… Радаўніца – тое, што дазволена беларусам і тое, што яднае іх. Дзяды ўжо не з’яўляюцца дзяржаўным святам. Замоўчваецца гэты дзень. Замоўчваюцца трагічныя старонкі нашай гісторыі. Арышты.  Рэпрэсіі. Курапаты. Нельга святкаваць Дзяды – можна святкаваць 7 лістапада…  Дзіўна. Адзін з парадоксаў сучаснай Беларусі.

Безумоўна, варта адзначаць усёй краінай і Радаўніцу, і Дзяды, але варта прызнаць, што нават у выпадку такога балансу, восеньскі дзень памінання продкаў застанецца больш тужлівым і сумным. Дэпрэсіўным. Лістапад… Шэрань… Недахоп сонца ў спалучэнні з недахопам ёду не вельмі добра ўплывае на псіхафізічны стан чалавека.

Радаўніца адзначаецца праз тыдзень пасля Вялікадня, заўжды ў аўторак. Спачатку мы ідзем памінаць блізкіх у царкву, а потым – на могілкі. Праваслаўная Царква не ўхваляе звычай памінальнай трапезы, але… ўсё залежыць ад канкрэтнага бацюшкі і канкрэтнага беларускага рэгіёну. Нашы рэлігійныя святы – цікавая сумесь хрысціянства і язычніцтва.

І Дзяды, і Радаўніца – тое, што яднае беларусаў ва ўсім свеце…

Догляд за могілкамі і памяць пра тых, што сышлі, адрознівае людзей ад жывёл…

Вясна абуджае нас і дадае больш святла (насуперак усім цяжкасцям). Радаўніца збірае на магілах продкаў беларусаў з розных куточкаў краіны. Гэта шанец згадаць пра тых, хто сышоў. Шанец сабрацца разам – для жывых.

Шанец распавесці маленькім беларусам пра іх род і карані. Пра далёкіх і цікавых “пра-пра-пра”… Пра войны і рэпрэсіі, перамогі і паразы гэтай зямлі.

З гумарам і ўсмешкай. З уменнем радавацца яшчэ аднаму новаму дню.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ