Радаўніца
Так атрымалася, што сёлета напярэдадні Радаўніцы адзначаецца Дзень экалагічных ведаў. Шкода або карысць пэўных рэчаў і дзеянняў застаецца нязменнай… Паразмаўляць пра ўсё гэта – прасоўванне экалагічных ведаў і выхаванне экалагічнай культуры людзей – можна штогод. Менавіта 15 красавіка. Паразмаўляем?
Яшчэ год таму ў беларускай прэсе з’явілася шмат публікацый пра шкоднасць штучных кветак, якімі мы літаральна завальваем могілкі на Радаўніцу (і пры іншай нагодзе – таксама!) Схадзіць у царкву, потым – на могілкі, потым бульбу пасадзіць ды чарку ўзяць – такая сабе беларуская традыцыя. Для бульбы ў гэтым годзе пара не прыйшла, але ў цэлым – традыцыю падтрымліваем! Традыцыя неблагая. Нагадвае пра зямное і вечнае, пра свой род, пра сям’ю і нават у дзецях выхоўвае адказнасць ды пачуццё вялікай сям’і.
Было б здорава прывучыць сябе хадзіць на могілкі менавіта з жывымі кветкамі. Гэта прыгожа, экалагічна і мае пэўны філасофскі падтэкст. Жыццё працягваецца, так, але мы павінны памятаць пра тых, хто быў да нас, пра тое, што было раней… Па вялікім рахунку, штучныя кветкі – матэрыяльная спроба нагадваць жывым пра мёртвых. Спроба настойлівая і… бездапаможная па сваёй сутнасці.
Мы памятаем пра тых, хто сышоў, і без завалаў таннага і таксічнага яркага пластыку. Мы памятаем, пакуль мы – людзі… Варта перавыхоўвацца? “Рэгіянальная газета” распавядае пра цікавую сям’ю з горада Маладзечна, якая не першы год ходзіць да продкаў з жывымі гваздзікамі. Такіх людзей няшмат, але яны ёсць… Здорава, што ў прэсе з’яўляюцца “экалагічныя”гісторыі з жыцця. І ты разумееш, што зусім не цяжка набыць жывыя кветкі на Радаўніцу. Варта проста дадаць у нататнік яшчэ адну справу, “птушачку”.