Радуемся таму, што маем?



Бог не роўна дзеліць: знаёмыя з поўдня Італіі жаляцца на неймаверную спёку, ад якой не ведаюць, дзе схавацца. Тым часам у Беларусі тэмпературы б’юць “халодныя” рэкорды.

Такое адчуванне, што наша лета аддало ўсю гарачыню сваіх абдымкаў за першы месяц. І ўсё. Чакайце наступнае… Калі дачакаецеся! Летнія навіны ўвогуле багатыя на грамадска-прыродныя анамаліі… Затрыманні пратэстоўцаў ў РФ, напады на людзей у ЗША… Парушэнне хуткаснага рэжыму тут… Неспакойна ў свеце. Нестабільна… Але ўсё гэта даволі проста тлумачыцца. Мы жывем у скрыўленай і перакручанай галактыцы.

Вучоныя з Варшаўскага універсітэта вырашылі, што Млечны шлях не раз сутыкаўся з іншымі сусветамі – вось і маем, што маем. Такія сабе баявыя пашкоджанні. Астраномы стварылі новую трохмерную карту і апублікавалі ў часопісе Science. Высновы палякаў пацвердзілі аўстралійцы і кітайцы.

Добра, што ёсць у свеце рэчы нязменныя. Барацьба за ўраджай у Беларусі – класічны такі прыклад. Змагаемся! Умовы надвор’я – дрэнь! Змяненне кліматычных умоў і засушлівае надвор’е прымушаюць беларускую навуку пераглядаць стратэгію раслінаводства і земляробства. Нічога – пераглядаюць! Паляпшаюць селекцыйную работу і “шчыльную ўвагу аддаюць павышэнню зімаўстойлівасці азімых культур”. Вось і сарты азімага рапсу вывелі, які пераносіць нізкія тэмпературы і затапленні. І новыя сарты азімай пшаніцы маем! Яны эфектыўней спажываюць сонечную энергію, у іх палепшаны адток пажыўных рэчываў у збожжа… Карацей, з голаду не памром. Адзіны нюанс – крадуць! Угнаенні, паліва, збожжа… І камбайны без тэхагляду катаюцца.

Аптымізм “Звязды” і песімізм “Радыё Свабода” ўраўнаважваюць навіновую палітру кожнага новага дня! І гэта цудоўна – мець хоць нейкі выбар у спажыванні інфармацыйнага прадукту!

То радуемся таму, што маем. Пакуль гэта магчыма.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ