Раскажы мне казку, калі ласка…
Ёсць рэчы, якія вітаюцца або не вітаюцца ў пэўных краінах. Прымаем як факт.
Гэтымі днямі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбываецца Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі. Маштабнае мерапрыемства прадугледжвае і навуковую канферэнцыю, і круглы стол, і выступленні майстроў казачнага жанру… “Казачны эпас — найбуйнейшы здабытак беларускай нацыянальнай культуры, а развіццё пісьмовай беларускай культуры прывяло да з’яўлення і пашырэння аўтарскіх казак,” – без казкі жыць беларусам было б невыносна цяжка! Чытаеш адно з дзяржаўных выданняў і разумееш, што не можаш не пагадзіцца. Так і хочацца падчас сысці ў нерэальны свет фантазіі… Стрымлівае адно – хто будзе аўтарам дадзенай гісторыі?
У кожнага аўтара свае правілы. Побач з дзіўным светам літаратуры рознага ўзроўню прасунутасці і таленту існуе жорсткая праўда жыцця. Жыхар Воршы Раман Кузьменкоў казак не прызнае, чым разбурае асновы аптымістычна-ўзнёслага ладу жыцця месцічаў.
Выйшаў Раман з адзіночным пікетам да помніка Леніну на цэнтральнай гарадской плошчы. Выйшаў сабе ды стой, але які пікет без лозунгаў? Хлопец трымаў у руках плакат з надпісам „Па 500 тут няма”. Пастаяў хвілін 15. Стаміцца не паспеў – міліцыя забрала.
Ужо потым Раман тлумачыў, што такія паводзіны сталі крокам адчаю з-за беспрацоўя і безграшоўя. Заробкаў па 500 долараў у Воршы няма і не было, хоць абяцалі… Чалавека можна зразумець – агучыў набалелае! Навошта было яго затрымліваць? Пастаяў бы сабе ды пайшоў, як ногі стомяцца… Але ж мы любім казкі. І тут вітаецца толькі happy end.