Раскоша простых размоваў



Апошнім часам размовы і сустрэчы офлайн сталі сапраўднай раскошай, а чытанне кніг – выключэннем з правілаў… Часцей за ўсё мы завісаем у сацыяльных сетках, гартаем навіны, не чытаючы іх уважліва (лангрыды – таксама раскоша!), а з сябрамі і родзічамі ў лепшым выпадку бачымся па святах ці вітаемся на ляту… Усё гэта стварае новыя праблемы людзям прыстойным і дае спажыву махлярам рознага гатунку!

Ужо не першы раз чуеш пра крадзяжы з банкаўскіх картак… Такое махлярства стала цяпер даволі папулярным… Прычыны? Іх шмат, але сярод асноўных можна назваць дэфіцыт простых чалавечых зносінаў – раз, і тое, што беларусы сталі менш чытаць, – два. Вам тэлефануюць з банка, штосьці кажуць і просяць даць пашпартныя дадзеныя ды дадзеныя вашай банкаўскай карты? І вы даверліва (знаёмы нумар банка высвеціўся на дысплэі!) дыктуеце ўсё вышэй пазначанае? Дарма. Лепш ператэлефанаваць або схадзіць у банк і ўсё спэўніць. Ніхто з банкаўскіх работнікаў увогуле не мае права браць у вас асабістыя дадзеныя карты, а пашпартныя дадзеныя яны маюць і так… Другі варыянт – сябры ў сацыяльных сетках просяць пазычыць грошы або зноўку ж па розных прычынах цікавяцца дадзенымі вашай карты? Не верце адразу – патэлефануйце сябрам асабіста! Іх акаўнт у сацыяльных сетках можа быць узламаны, і вы недалічыцеся буйной сумы на рахунку або дэпазіце.

Падчас варта згадаць пра опцыю пад назвай “Падумаць!” Неверагодна, але факт: лепш думаецца пасля чытання кніжак… Пажадана – у папяровым класічным выглядзе. Папулярны нейралінгвіст Таццяна Чарнігаўская падчас сваіх лекцый нагадвае, што чытанне дапамагае адбудоўваць старыя і выбудоўваць новыя нейронныя сувязі. Навукай даказана і праверана практыкай. Бадай, варта прыслухацца: і грошы ашчадзіш, і з магчымым Альцгеймерам размінешся – двайная карысць! То размаўляем з людзьмі і чытаем кнігі. Восень. Хандра… Самы час!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ