Размовы, людзі, палітыка…
У Беларусі няма палітыкі, таму кожнае новае вартае інтэрв’ю з цікавым палітыкам горача абмяркоўваецца афлайн і анлайн. Размова з Ціханоўскай не выключэнне…
Амаль дзве з паловай гадзіны – будзе пра што паразважаць палітолагам, прапагандыстам і аматарам пашаптацца на кухнях… Што заўважна няўзброеным вокам адразу ж? Дзве простыя рэчы.
Дзяцінства – тое, што з намі назаўжды, праз усё жыццё. Нешчаслівыя і недалюбленыя дзеці вырастаюць у нешчаслівых і недалюбленых дарослых (палітолагаў, прапагандыстаў, палітыкаў…) І гэта ў лепшым выпадку. У горшым выпадку – так часцей і здараецца! – яны робяць нешчаслівымі іншых, блізкіх і далёкіх. Няздольныя любіць, нелюбімыя, недалюбленыя ў дзяцінстве… Распавядаючы пра сваё дзяцінства, Святлана адразу пачынае ўсміхацца, згадваць бабулю з дзядулем, бацькоў, лета, вакацыі і тую любоў, якую яна адчувала. Бадай, шчаслівае дзяцінства – тое, што будзе трымаць нас усё жыццё насуперак нягодам і непрыемнасцям, і гэта цудоўна. Адсюль і ўраўнаважанасць, і дабрыня, і здаровы аптымізм, і добрае стаўленне да людзей… Аддаеш тое, што атрымаў.
Кожны з нас мяркуе пра іншых людзей па сабе. І прапаноўвае ім тое, што можа прапанаваць. Прамінулае лета паказала, што ёсць людзі, здольныя на прыгожыя неардынарныя ўчынкі і людзі, здольныя на гвалт, жорсткасць і несправядлівасць. Безумоўна, кожны злачынца павінен быць пакараны, але ці варта апускацца да іх узроўню? І што павінна быць арыенцірам у дадзеным накірунку – сістэма НКУС або ўмовы, створаныя для тэрарыстаў тыпу Брэйвіка? Пакуль тэорыя, але хатка з аховай, пра якую сказала Ціханоўская, – гэта тое, што мог адказаць псіхічна здаровы і ўраўнаважаны чалавек у адказ на пытанне пра лёс, злачынства і пакаранне.
І яшчэ адно важнае інтэрв’ю не палітыка, але таленавітай і паважанай пісьменніцы. Святлана Алексіевіч: “Ніхто ня можа супрацьстаяць часу. Краіне ў цэнтры Еўропы патрэбны перамены. Бо пакуль што ўвесь вялікі свет — асобна, а мы асобна. Такі калгасны выган. А наўкола ўжо зусім іншае жыццё…”
І гэтае жыццё патрабуе ведання моваў. Бадай, многім з нас варта падцягнуць ангельскую – на выпадак важных размоваў, перамоваў і вымушаных або запланаваных падарожжаў. За плячыма не насіць… Або ў любой незразумелай сітуацыі вучы ангельскую мову, каб у іншай незразумелай ляцець у Лондан ці Лас-Вегас. Стары жарт.