Рух – жыццё? Або несанкцыянаваны мітынг?
Чытаеш афіцыйную статыстыку па кавіду і ловіш сябе на думцы, што мы зноўку ўваходзім у няпростую гісторыю, маючы за плячыма нявырашаныя задачы мінулага лета.
Гэтыя задачы зусім з іншай оперы, але яны не дадаюць здароўя і аптымізму беларусам. Навукай даўно даказана, што з добрымі думкамі прасцей змагацца з любой хваробай, а рух – гэта жыццё! Што ж мы маем цяпер? Любыя рухі могуць могуць стаць несанкцыянаваным мітынгам, любое нефармальнае выказванне – паклёпам на штосьці святое або кагосьці недатыкальнага. Рухацца наперад пры такім раскладзе немагчыма.
І немагчыма выбудаваць нармалёвае ўзаемадзеянне ў часы сур’ёзнай эпідэміі, калі адукацыя займацца ідэалогіяй, а не праблемамі педагогікі. Амерыканскія школьнікі распачалі новы навучальны год онлайн і не ведаюць, калі дойдуць да школы. Расейскія школьнікі 1 верасня пайшлі ў свае навучальныя ўстановы, а сёння вучні ў Маскве ўжо сыходзяць на двухтыднёвыя незапланаваныя вакацыі. Тым часам у сталіцы нашай радзімы горадзе-героі Менску то той, то іншы клас адпраўляюць на так званую хатнюю ізаляцыю: хварэюць на кавід і настаўнікі, і вучні, што пацвярджаецца тэстамі. Рана ці позна перыяд ізаляцыі скончыцца, але ж вучыцца трэба ўжо сёння. Чаму не прапанаваць школьнікам заняткі онлайн? Настаўнікі яшчэ вясной прапаноўвалі такі фармат, але Міністэрства адукацыі сказала сваё рашучае “не!”, у чарговы раз адбіўшы ахвоту педагогам ініцыятыву праяўляць. Зразумела, асобныя падзвіжнікі застаюцца, але гэта выключэнне, не адмаўляе само правіла. І гэта не ратуе сітуацыю ў цэлым па краіне.
Медыкі. Пасля “справы ўрачоў” і выказанай не раз непавагі да медыцыны было ўвогуле дзіўна, што нашы медыкі сталі гераічна змагацца з кавідам у самым пачатку… Што будзе цяпер, калі непавагі і рэпрэсій стала больш? Што будзе цяпер, калі ўлада зноўку не чуе простага доктара? Хіба ў чарговы раз прыпячэ тых, хто на самым версе. І моцна.