Рызыка свабоды
У Беларусі выпаў першы снег – і растаў… У Беларусі знішчылі гімназіі – перадумаюць?
Незалежна ад таго, як ты ставішся да пэўных рэчаў, разумееш адно: ёсць людзі, якія працуюць і лічаць грошы, а ёсць тыя, хто перашкаджае першым працаваць і ашчаджаць. Просты прыклад у беларускай адукацыі – стварэнне профільных класаў у сярэдніх школах, распрацоўка і выпуск адпаведных праграмаў, падручнікаў, а потым – непрадуманае знішчэнне ўсяго вышэй пералічанага. Ні працы не шкада, ні грошай, ні людзей. Спачатку беларускія падаткаплацельшчыкі аплацілі стварэнне, а потым – утылізацыю. Проста шыкоўна.
Можна любіць або не любіць гімназіі. І ёсць рацыянальнае зерне ў тым, што цяпер (нейкі час, пакуль дарослыя людзі зверху не перадумаюць у чарговы раз!) дзеці не будуць здаваць іспыты пры паступленні ў пяты клас гімназіі… Але ж нельга так бяздумна выкідаць грошы на вецер ды не шанаваць людскія рэсурсы – дзяцей, бацькоў, настаўнікаў… Гэта яшчэ больш стрэсавая сітуацыя ў параўнанні з іспытамі, гэта перманентны стрэс для ўсёй нашай адукацыі. Беднай і затурканай, што стамілася ад бясконцых праверак і паперак.
Усё проста – дайце магчымасць настаўніку вучыць дзяцей і атрымліваць задавальненне ад працэсу. Тое ж самае – дзеці. Дайце ім цікавага і разумнага педагога, магчымасць выбраць накірунак і ўзровень нагрузкі – з радасцю будуць хадзіць у школу. І не так важна, які статус школа будзе мець, як яна будзе называцца.
У рэшце рэшт хтосьці стане кухарам, а хтосьці – прэзідэнтам (і яшчэ не зразумела, што лепш). Ва ўсім гэтым адзін мінус адсочваецца – свабода дае шмат магчымасцей, а гэта рызыка… Пралічваць рызыку мы не ўмеем, бо універсітэты скончылі не ўсе. Камусьці хапіла старой добрай партшколы ці культпрасвет вучылішча.
Рызыкуючы, можна ж і выіграць…