Самакіраванне і кантроль
Распачаўся жнівень. Халодна. Восень збівае з ног і б’е пад дых… Але жыццё працягваецца.
Трэба хадзіць на працу, аплочваць рахункі і выкідаць смецце. Вось пра працу камунальнікаў мы і паразважаем. Газета “Звязда” распавядае: працу жыллёва-камунальнай гаспадаркі цэнтральнага рэгіёна, іх поспехі і няўдачы прааналізавалі падчас пасяджэння Менаблвыканкама. Адно з важных пытанняў нарады — забеспячэнне жыхароў Меншчыны якаснай пітной вадой. Да канца года плануецца пабудаваць 40 станцый абезжалезьвання ў пятнаццаці раёнах вобласці – гэта дазволіць палепшыць сітуацыю.
Тым часам жыхары дамоў у глыбінцы пераплачвалі за прыборку ў пад’ездах. І грошай з іх бралі зашмат, і прыбіралі замала. Пра гэта дазнаўся Камітэт дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласці. Безумоўна, ва ўсім вінаватыя прыватнікі… Сталічная фірма выйграла конкурс на навядзенне парадку і падтрыманне чысціні ў шматпавярховіках. Трэба было гэта рабіць прыблізна ў 145 дамах горада Паставы, піша тая ж “Звязда”. Там жыве амаль 10 тысяч чалавек (палова насельніцтва горада).
Арганізатарам конкурсу і замоўцам паслугі выступала УП ЖКГ Пастаўскага раёна. Менавіта яны ўпаўнаважаныя кіраваць нерухомасцю сумесных домаўладанняў. Не дагледзелі! То цяпер старшыні Пастаўскага райвыканкама прапанавана забяспечыць прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці службовых асоб з ЖКГ аж да звальнення. І спагнаць з вінаватых лішак выплачаных сродкаў за паслугі, да якіх смела можна ўжываць слова “халтура”.
Кантроль з боку дзяржавы – гэта нармалёва, але яшчэ лепш было б згадаць пра самакіраванне… Бо застаецца грамадзянам адно жаліцца ў вышэйшыя інстанцыі, раз не могуць самастойна наймаць фірму, што прыстойна можа вымыць падлогу ў пад’ездах.