Самота насамрэч



Восенню нас можа агарнуць самота па прычыне пераходнага перыяду і адсутнасці сонца – вядомая рэч! Хоць сёлета і шанцуе з надвор’ем, але ж наперадзе – лістапад! Піліпаўка.

Тут можа быць цікавым брытанскі досвед: прэм’ер-міністр Тэрэза Мэй прапанавала першую ў гісторыі туманнага Альбіёна стратэгію барацьбы з адзінотай. Па дадзеных брытанскага ўрада, каля 200 тысячаў пажылых англічанаў могуць больш месяца нават слоўкам не перакінуцца з суседзямі, сябрамі або роднымі… Што не ёсць добра: участковыя дактары прымаюць ад аднаго да пяці пацыентаў штодзень, якія жаляцца менавіта на адзіноту. Стратэгія барацьбы з адзінотай – гэта не проста размова за жыццё.

Брытанскі ўрад абяцае даць добрыя грошы з бюджэту на вырашэнне гэтай праблемы. У прыватнасці, на кулінарныя майстар-класы, урокі танцаў і маляванне для самотных людзей. І ўсе гэтыя “карыснасці” зможа выпісваць сваім пацыентам доктар – замест лекаў.

1, 8 мільёнаў фунтаў, або 2 мільёны еўра. Грошы пойдуць і на новыя музеі, паркі, кавярні: урад спадзяецца, што туды пойдуць самотныя людзі… Каб стаць менш самотнымі. І калі беларускіх паштальёнаў вымушаюць распаўсюджваць макароны, семкі і латарэі, то брытанскім паштальёнам у некаторых гарадах прапанавалі размаўляць з самотнымі людзьмі, трохі прыглядваць за імі і паведамляць пра магчымыя праблемы дабрачынным арганізацыям або “профільным” дзяржаўным агенцтвам.

У Брытаніі ёсць цікавая пасада – міністр па барацьбе з адзінотай. Трэйсі Краўч заўважыла, што ўрад не можа знайсці нам сяброў, але новая стратэгія дапаможа палепшыць зносіны паміж людзьмі. Найбольш гэта тычыцца пажылых людзей і маладых людзей з інваліднасцю. Брытанскі ўрад не шыкуе – спрабуе ашчадзіць грошы на дзяржаўную сістэму аховы здароўя, бо медыцынай даўно заўважана: усе хваробы ад нерваў. Сардэчна-сасудзістыя… Хвароба Альцгеймера… І далей па спісе. Безумоўна, да хваробаў вядзе толькі тая самота, што доўжыцца зашмат. Усё добра ў меру, а пару дзён сам-насам можа адно паспрыяць вашаму творчаму і разумоваму развіццю!

Вернемся ў нашы шыроты. Мы трапілі ў чарговы адмоўны рэйтынг (скажам за гэта дзякуй швейцарскаму банку Credit Suisse). Па дабрабыце беларусы знаходзяцца ў групе бедных дзяржаваў. Не мы адны там! Украіна і Нігер – таксама. Малі, Чад, Судан, Эфіопія… Гучыць неардынарна. І адразу разумееш, што праблемы адзіноты мы вырашаем самастойна – без дапамогі дзяржавы… Не зломкі ж, праўда?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ