Санаторый
Часы няпростыя. Дарослыя заклапочаныя то палітычнымі праблемамі, то юрыдычным дэфолтам, то безграшоўем, то эпідэміяй каронавіруса… Усё аб’ектыўна няпроста.
Дзеці міжволі адчуваюць песімістычныя настроі, і гэта яшчэ адна праблема нашых шэрых дзён: малыя робяцца закладнікамі “вялікіх” праблемаў. Так не павінна быць, бо жыццё ўвогуле кароткае, а дзяцінства – самы харошы яго час. І ад таго, наколькі мы шчаслівыя ў самым пачатку, наколькі сагрэтыя любоўю родных залежыць усё наша далейшае жыццё, тое, якімі мы станем. З недалюбленых, нешчаслівых дзяцей вырастаюць пачвары або неўрастэнікі… Зрэшты, гэта ўсё лірыка, шаноўныя. Давайце бліжэй да прозы жыцця.
Дык вось, звыклым элементам жыцця бацькоў і школьнікаў з’яўляюцца класныя вайбер-чаты. З аднаго боку, такі сабе інтэрактыўны канал камунікацыі. Гэта плюс. З іншага боку, бясконцы паток не заўжды карыснай і патрэбнай, экспрэсіўна афарбаванай інфармацыі. А яшчэ – рэклама некаторых спрэчных прапановаў для дзяцей.
Так апошнім часам у школьных вайбер-чатах па ўсёй Беларусі ад Гарадзеншчыны да Гомельшчыны сталі актыўна піярыць рознага плану экскурсіі, паездкі да Дзеда Мароза і – адчуйце клопат нашай сацыяльнай дзяржавы! – пуцёўкі ў дзіцячыя санаторыі. У мінулым годзе не было піяру бясплатных санаторыяў, а ў часы эпідэміі ковіду стала жыццёва неабходна адправіць дзіця на аздараўленне ў новы калектыў. Басейн, салявая пячора, інгаляцыі – цудоўная рэч! Але цяпер? Калі амерыканскія школьнікі сядзяць па хатах і вучацца дыстанцыйна. Ну, ладна, не хапіла розуму і тэхнічных магчымасцей шырэй скарыстоўваць дыстанцыйнае навучанне ў Беларусі. Што маем, то маем, але навошта ствараць праблемы новыя, дадатковыя? Па той простай прычыне, што ніхто цяпер не рызыкуе ехаць у санаторый за свае грошы… То чаму ж з бюджэту не набыць пуцёвак, раз іх ніхто не набывае за свае. Хай падаткаплацельшчыкі радуюцца такой авантуры.
Мо, хто і парадуецца, але ж Беларусь – краіна кампактная. Хтосьці з дапытлівых бацькоў возьме і патэлефануе сваім знаёмым, што жывуць побач з тым самым (адным з іх!) дзіцячым санаторыем. І распавядуць людзі, што ўвесь персанал хворы на ковід і дзяцей глядзець там няма каму… А так санаторый харошы. Вы прыязджайце. Іншым разам!
Беражыце сябе і сваіх блізкіх. І радуйце сваіх дзетак – дома. Кніжкамі, падарункамі, шпацырамі, а галоўнае – сваім вольным часам і ўвагай да іх.