Санкцыі. Наш адказ Чэмберлену?



Ці памятаеце вы крыжовы паход нашых суседзяў на ўсходзе супраць еўрапейскіх прадуктаў? Усе гэтыя бедныя персікі і камамберчыкі, патрушчаныя бульдозерам? І “беларускія” крэветкі, якімі суседзі трохі суцешыліся…

Ва ўсёй той санкцыйнай гісторыі любога гаспадарлівага беларуса перасмыкае перш за ўсё ад псоты добрай ежы, якую можна было б раздаць па дзіцячых дамах або дамах, дзе жывуць сталыя і хворыя самотныя людзі. Такіх шмат у РФ (і ў РБ не меней!) То чаму было не параздаваць польскія яблыкі ды іншыя рабчыкі з ананасамі тым, хто не ўжывае шампанскае і чорную ікру штодзень, тым, хто мае патрэбу ў шэрым хлебе надзённым? А то ні сабе, ні людзям… Дзіўныя рэчы!

Тым часам расейцы са слаўнага горада Санкт-Пецярбурга (і гэта толькі адзін з вядомых прыкладаў!) за добрай кавай і харошымі сырамі ездзілі да фінаў, праўда, было тое да пандэміі і каранціну, да з’яўлення новай праблемы сусветнага маштабу – яго вялікасці каронавірусу! Тут і цяпер палітычныя праблемы супалі з праблемамі эпідэміялагічнымі. “Прадуктовыя” туры расейцаў накрыліся медным тазам, як і такія ж вандроўкі беларусаў у Вільню ды Беласток – за добрай кавай сабе і добрым людзям… на продаж. Вандроўкі былі папулярныя і на Смаргоншчыне, а потым кантрабандысты прыціхлі – прыйшлося набываць каву ў мясцовых крамах! Задача няпростая, але з часам праявіліся новыя месцы, дзе можна было і добрую каву знайсці, і камамберчык (пад настрой!) і іншыя не менш прыемныя і вітамінныя прысмакі.

А што мы пачулі днямі? З’явіўся новы ўказ дзейнага кіраўніка дзяржавы пад нумарам 128 “Аб прымяненні спецыяльных мераў”. Папера прадугледжвае ўвядзеннне забароны на ўвоз у Беларусь асобных катэгорый тавараў (і імпарт работ і паслуг). Падкрэсліваецца, што робіцца ўсё выключна па прычыне абароны нацыянальных інтарэсаў беларусаў. Хавацца ў бульбу або пачакаць? Бульбу-то можна вырасціць і на сваім гародчыку ля хаты, а вось адсутнасць добрай кавы – бяда для гіпатоніка і кавамана, з якой цяжка будзе змірыцца. Што канкрэтна спадары чыноўнікі маюць на ўвазе і да чаго мы прыйдзем? Што трапіць пад забарону? Бліжэйшым часам Рада міністраў адсправаздачыцца па дадзеным пытанні. Межы пакуль зачыненыя, так што варта набыць каву, гарбату і некаторыя іншыя рэчы. Запас бяды не чыніць! А вось з работамі і паслугамі яшчэ прыйдзецца разбірацца… Хіба мовы замежныя вучыць забароняць? Нехарошы прэцэдэнт з моўнай школай ужо маем у Смаргоні.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ