“Сезонныя” махляры
Хмарна. Галалёд. Невялікі снег… Такі маем прагноз сіноптыкаў на пачатак тыдня.
У любым выпадку, ідзем у бок зімы – падстройваемся і ўцяпляемся, спадарства! Без варыянтаў. Цяжэй прыстасоўвацца да халадоў людзям пажылым. Разам з пагаршэннем самаадчування і сезонным пагаршэннем настрою з-за недахопу сонейка ўзнікаюць іншыя рызыкі. Актывізуюцца махляры, мэтавай аўдыторыяй якіх якраз і з’яўляюцца пажылыя людзі, што вярнуліся са сваіх летніх “рэзідэнцый” у цёплыя гарадскія кватэры.
Штогод з’яўляюцца новыя сезонные фішкі ў махляроў… Правільней – “спецыялістаў” дзіўнага (шырокага!) профілю. То фільтры для вады паставіць жыццёва неабходна, то прафілактыку для шклопакетаў трэба зрабіць неадменна, то яшчэ якая трасца. Новае ў гэтым жанры пад назвай “Выкінь грошы на вецер!” – апавяшчальнікі чаднага газу рублёў за 200. Імі гандлююць афіцыйна, ходзячы па гарадскіх кватэрах і размаўляючы з пенсіянерамі. Прадаўцы ўпэўненасці ў заўтрашнім дні – такі сабе Herbalife для пенсіянераў!
Усё гэта адбываецца ў межах закона… Ёсць іншыя выпадкі, ад якіх не застрахаваныя вашы бабулі ды дзядулі, што застаюцца дома адны і сумуюць па простых чалавечых радасцях – па зносінах! Следчы камітэт паведаміў: 38-гадовая ўраджэнка Бабруйска (ужо неаднаразова судзімая) пад выглядам кантралёра па энерганаглядзе завітвала ў жытло пажылых грамадзянаў і ўчыняла крадзёж. Пакуль пажылыя гаспадары дома або кватэры старанна шукаюць дамову энергазабеспячэння ці (і) дакументы на лічыльнік электраэнергіі, спадарыня знаходзіла іх грошыкі і брала ўсё, што было. Ніякіх льготных тарыфаў!
Злачынцы час ад часу мяняюць сваю знешнасць, прадстаўляюцца супрацоўнікамі камунальных службаў, газавай службы, сацыяльнымі работнікамі… Не адчыняйце дзверы незнаёмым ды патрабуйце дакументы, а галоўнае – патэлефануйце старэйшым родзічам і проста паразмаўляйце з імі пра ўсё гэта. І пра жыццё ўвогуле… Дапамагае.