Шагал, Суцін і IT



Серыялы – рэч папулярная і беларусамі паважаная. У нас ёсць шанец пераключыцца з трылера пад назвай “Каронавірус” і зірнуць палітычны дэтэктыў або драму.

Вось, мы на старце… І што гэта будзе? Нешта падобнае на “House of Cards”? Магчыма, але наўрад ці наша эпапея расцягнецца на 73 амерыканскія серыі. І хутчэй за ўсё гэта зноўку будзе кароткаметражны трылер. Логіка жанру і патрабаванне часу. Ок. Але памарыць можна, праўда? У рэшце рэшт, на марах трымаецца… свет рамантыкаў і фрылансераў.

То памарым. Уявім сабе сітуацыю, што новым прэзідэнтам у гэтай краіне стане банкір. Шыкоўныя магчымасці і далягляды адкрываюцца… Станем беларускай Швейцарыяй (са знакам якасці!) Будзем надзейна захоўваць капіталы моцных свету гэтага і мець з таго свой сціплы гешэфт. Набудзем ва ўласнасць пару арыгіналаў Шагала і Суціна, знойдзем і вернем за вялікія грошы (за малыя проста не аддадуць!) крыж Еўфрасінні Полацкай… І калі моцна пашанцуе, то чалавек з абмежаванай мабільнасцю зможа перааформіць банкаўскую картку не выходзячы з дому?

А то паабяцалі некаторыя банкі ў час пандэміі зрабіць палёгку простым грамадзянам, але гэта пустой абяцанкай, балбатнёй… Вось маеш класічную картку „віза” аднаго з беларускіх банкаў і хочаш атрымліваць пенсію па інваліднасці (у мэтах захавання каранціну, здароўя, самаізаляцыі…) на гэту самую картку… То не толькі ў сабес схадзіць прыдзецца, але і ў банк “любімы” – двойчы. Першы раз – заяву на новую картку напісаць (на старую пенсію пералічыць не змогуць!). Другі – забраць яе. Асабіста. У суседнім раёне. Шыкоўная магчымасць, праўда? То лепей аставіць кэш, які прынясе мілая паштарка ў масцы (дзякуй ёй за правілы бяспекі жыццядзейнасці!)

Марыць не шкодна, але некаторыя зручныя рэчы ў гэтых шыротах адбудуцца толькі ў тым выпадку, калі прэзідэнтам стане банкір, а прэм’ер-міністрам – спецыяліст у IT. І хай гэта будуць жанчыны, бо хроніка змагання з новай трасцай – каронавірусам! – паказала, што жанчыны-кіраўнікі спраўляюцца на парадак лепш… А ў нашай краіне штогод нейкая трасца здараецца… То памарым!

І не забудземся пра пачуццё гумару, шаноўныя, а то зноў прыдзецца плакаць у апошняй серыі. Не захапляйцеся моцна. Усміхайцеся!   

Беларускае Радыё РАЦЫЯ