Шарыкавы паўсюль
Па знаёмстве… Хто ў Беларусі не ведае, што ўсё прасцей вырашаць менавіта праз сяброўскія кантакты?
Знайсці праграміста, юрыста, рэпетытара або ўрача заўжды можна афіцыйна (платна або бясплатна – не прынцыпова!) або па рэкамендацыі сваіх, тых, хто ў тэме. І з медыкамі гэта спрацоўвае найлепш. Ты шукаеш добрага доктара праз знаёмых, па знаёмых, праз іх водгукі і, калі знаходзіш, беражэш ужо сваё знаёмства, быццам зрэнку вока! Не важна, будзе гэта траўматолаг, неўролаг або касметолаг! У нашым жыцці зашмат стрэсаў, то навошта ўскладняць? І не варта са сваім любімым доктарам размаўляць пра палітыку – можна апынуцца па розныя бакі барыкадаў. Без надзеі атрымаць медыцынскую дапамогу на тых самых барыкадах… Самае важнае – здароўе тваё і тваёй сям’і.
Пад кабінетам твайго доктара могуць сядзець і прадпрымальнікі, і міліцыянеры, і людзі з тату, паходжанне якіх паказвае на месцы не вельмі аддаленыя… Там маглі быць розныя людзі яшчэ ўчора. Сітуацыя змянілася сёння. І ў турму трапляе ўжо твой доктар. Той, хто займаўся абсалютна рознымі людзьмі раней, не звяртаючы ўвагі на іх розныя палітычныя погляды… Маем абсалютна новую сітуацыю: нават па знаёмстве вы не зможаце трапіць да патрэбнага спецыяліста, таму што хтосьці арыштаваны, хтосьці з’ехаў або з’едзе за мяжу, а кагосьці сёння адлічылі з медуніверсітэта (і гэта быў выдатнік). Заўтра прыйдзецца нават па знаёмстве (або за вялікія грошы і платна) папраўляць здароўе ў троечнікаў… Сэнс?
31 студзеня ў цэнтры сталіцы было затрымана ня менш за 6 дактароў. Сярод іх — загадчыца аддзялення прамянёвай дыягностыкі РНПЦ «Кардыялогія», вядучы хіміятэрапеўт Менскага гарадскога кансультацыйнага анкадыспансеру, анэстэзіёляг РНПЦ дзіцячай хірургіі… А яшчэ ў той самы дзень затрымалі і далі 15 сутак гіду Аксане Манкавіч. Разам з групай турыстаў яе “забралі” ў гістарычным цэнтры Менска. Дамовіцца пра экскурсію робіцца задачай рызыкоўнай, спадарства! І ўвогуле, гэта раскоша: займацца сваім здароўем, хадзіць па горадзе з гідам, размаўляць з людзьмі… Думаць. Вырашаць.