Шчасце беларускага настаўніка – доўгія вакацыі!



Верасень – нагода паразмаўляць пра школу, пра радасці і засмучэнні пачатку навучальнага года. Першы месяц восені – такі сабе час на адаптацыю да дзіцячага садка, школы, універсітэта або каледжа… Пара прыгожая і цікавая, адказная, а для кагосьці, на жаль, – дэпрэсіўная. Што можна ўбачыць за прыгожымі букетамі і новымі падручнікамі? Паразважаем…

Летам давялося паразмаўляць з сяброўкай дзяцінства, якая пераехала жыць у Германію, пра нямецкія дзіцячыя садкі, школы і пра іх сістэму адукацыі ўвогуле. Сама яна працуе выхавальніцай у мясцовым дзіцячым садку і працу сваю любіць… Зрэшты, да пераезду так сама любіла працаваць з дзеткамі і ў Беларусі! Пэўна, педагогіка – прыроджаны талент, тое, што дадзена чалавеку або не…

Былыя беларускія педагогі могуць параўноўваць працу тут і «там». Там – гэта праца з дзецьмі ў першую чаргу. Тут – таксама, але выхавальнік айчыннага дзіцячага садка або школьны настаўнік, быццам спартовец-цяжкаатлет, нагружаны ўсемагчымымі планамі і паперамі, быццам пудовымі гантэлямі. І калі ў пачатку года нашы прыгожыя – маладыя і пажылыя! – настаўніцы і выхавальнікі лётаюць на абцасах, трымаючы кветкі ў руках і ўсмешкі на тварах, то праз месяц, другі навучальнага працэсу нервы здаюць амаль ва ўсіх. Чарговыя вакацыі, невялічкая палёгка, рывок далей… І новы план мерапрыемстваў ды стос справаздачаў. Зіма, вясна, зноўку лета… У Міністэрстве адукацыі доўга думалі і такі вырашылі парадаваць зацікаўленую грамадскасць «важнымі» навінамі, а то навучальны год распачынаецца, а ў нас ніводнай рэформы не запланавана… Ура, спадарства! Мы пераходзім на ўсеагульную сярэднюю адукацыю. Што гэта азначае? Усе павінны адвучыцца 11 год, а не 9. Кропка.

Па сутнасці, у нас даўно існуе патрабаванне абавязковай сярэдняй, а месцамі і вышэйшай адукацыі, проста раней гэта не было замацавана заканадаўча і асабліва не афішыравалася. Будзе (пакуль – 11 класаў)!

Тым часам – па расповедах беларускіх немцаў – немцы мясцовыя не спяшаюцца атрымліваць вышэйшую адукацыю, яны зацікаўлены ў асноўным у рабочых спецыяльнасцях. Ім так камфортна, і ніхто ў плечы не штурхае: «Вучыся, сынку, а то не зможаш прадаваць смартфоны ці іншую трасцу ў краме без «вышкі». А спецыяльнасці педагога і медыка ў Германіі на вагу золата… І дэфіцыт такіх спецыялістаў – шанец для нашага чалавека.

Дажыць бы да лета! Шчасце беларускага настаўніка – доўгі адпачынак (а для вучня – вакацыі!) У Германіі, дарэчы, летнія вакацыі кароткія – толькі шэсць тыдняў. Паўсюль свае плюсы і мінусы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ