Шэф, усё прапала?
Прыехалі, спадарства, – “Стары” Новы год. Спадзявацца на цуды ўжо не выпадае. Усе шансы распачаць новае жыццё вы страцілі… Амаль усе.
Дармаеды і лайдакі стоадсоткава будуць плаціць падаткі – не адкруцяцца. Чакаем новых заканадаўчых цікавостак, а пакуль… Сала за прамінулы 2014 год падаражэла, а садавіна і гародніна патаннела – нонсэнс для шараговага беларуса, які традыцыйна злоўжывае нездаровым ладам жыцця… Магчыма, фішка ў тым, што знайсці якасны “стратэгічны” прадукт у Беларусі ўсё цяжэй і цяжэй. Фермерства ў заняпадзе, а бабулі ў вёсках дажываюць свой век, не маючы сілы на натуральную гаспадарку… Між тым, багатая Куцця – даўняя традыцыя для беларусаў, і яе без сала ды кілбаскі, пальцам пханай, цяжка ўявіць… У кожнага – свае традыцыйныя каштоўнасці.
Дзіўна, але хтосьці не паспеў “адстраляцца” феерверкамі 31 снежня і планаваў зрабіць гэта трошачкі пазней. Нагоду заўжды знайсці можна… Не пашанцавала!
На пункце пропуску “Новая Рудня” Гомельскай мытні затрыманы грузавыя аўтамабілі, гружаныя піратэхнікай. Машынкі ішлі з Польшчы ў Расейскую Федэрацыю. За стырном сядзелі грамадзяне Украіны… Проста нейкае славянскае братэрства! Прэс-служба Гомельскай мытні паведаміла: піратэхнічныя вырабы “з’яўляюцца абмежаванымі таварамі і іх увоз ці вываз дапускаецца адно пры наяўнасці спецыяльнага дазволу”. Дазволу ў дадзеным выпадку не было.
Больш за 6 мільёнаў адзінак коштам у 4 мільярды беларускіх рублёў (каля 280 тысяч долараў) канфіскаваныя. Матэрыялы адміністрацыйных справаў накіраваны ў суд.
Жыццё працягваецца. Дзесьці там – далёка-далёка – знікла нейтронная зорка. Па прычыне скрыўлення прасторы і часу, пра якія казаў яшчэ старэча Эйнштэйн. Галандскія навукоўцы суцешылі: дзесьці зорка з’явілася, а ў нашу прастору вернецца праз 160 год. Падчас самае важнае – паспець зірнуць у неба. Паспець заўважыць зорку… І ёсць людзі, якія ўсё жыццё вывучаюць зоркі. Фантастыка. Будучыня побач. Зусім побач.
Толькі вось пытанне, дзе знаходзімся мы… І які год за вокнамі?