Школа жыцця



У жніўні ў Беларусі толькі і размоваў, што пра зборы ў школу. Пра кошты, крэдыты, нормы… У беларускім сеціве гучна дыскутуюць пра школу амерыканскую і беларускую, пра грашовыя “паборы” і іх адсутнасць. І тут варта згадаць іншую гісторыю.

Гісторыю пра 20-гадовую студэнтку Лізу, якая падала ў суд на А. Р. Лукашэнку з-за датэрміновых выбараў у Палату прадстаўнікоў. Ліза палічыла, што рашэньне кіраўніка дзяржавы скараціць тэрмін паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў пазбавіла яе магчымасьці прыняць удзел у выбарах. Сутнасць скаргі? З-за прызначэння выбараў на 17 лістапада чатырохгадовы тэрмін паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў скарочаны на 10 месяцаў. Без законных на тое падставаў. Сама Ліза магла б ісці на «планавыя» выбары, але «датэрміновыя» не даюць такой магчымасці. Дзяўчыне яшчэ не споўніцца 21 год.

У размове з журналістамі Ліза не паказвае твару і празнаецца, што стамілася… Стамілася ад таго, што ўсе ўсяго баяцца: бацькі, аднакурснікі, знаёмыя… “Кабы чего не вышло”. І старыя, і маладыя… А сама Ліза ніяк не можа выйсці з БРСМ, куды ўсе трапляюць па інерцыі. Маўляў, сябрам гэтай паслухмянай моладзевай арганізацыі і на бюджэт прасцей паступіць, і ў інтэрнат студэнцкі трапіць. Ліза прызнаецца: паступіць дапагла ў першую чаргу родная школа, дзе прадметы выкладаюцца на вельмі прыстойным узроўні.

Па сутнасці, звычайная гісторыя – паўсюль чалавечы фактар… Добра, калі да школы жыцця цябе падрыхтуе мясцовая установа адукацыі – родненькая школа! Важны момант: школа павінна вучыць, а не перавучваць, пазбаўляючы індывідуальнасці. Днямі ва ўсім свеце адзначалі Міжнародны дзень ляўшуноў. Імі могуць з’яўляцца ад 3 да 10% жыхароў нашай планеты. І калі ў савецкай школе ляўшуноў старанна і брутальна перавучвалі, то цяпер ім дазваляюць заставацца самімі сабой… Прагрэс не стаіць на месцы.

Суд Ленінскага раёна сталіцы адмовіў 20-гадовай студэнтцы ў разглядзе судовай скаргі на прэзідэнта Беларусі. Прагрэс на месцы не стаіць – на прэзідэнтаў скардзіцца можна нават у нашым шэрым краі, але лепш скардзіцца на жыццё, надвор’е і… быць сябрам БРСМ.

Нервы спакайнейшыя будуць!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ