Школьныя сачыненні



Сучасныя дзеці класныя, але менш начытаныя – факт. Гаджэты – зло?

Не ўсё так адназначна, але смартфоны, планшэты, безумоўна, ствараюць дэфіцыт увагі і скарачаюць наш лексічны запас. Школьнікі не ведаюць многіх словаў, цудоўна вядомых старэйшым людзям у сям’і… Простая гісторыя. Восеньскія вакацыі, бабуля-настаўніца і ўнучка бавяць час разам. Бабуля злёгку шакаваная тым, што ўнучка не ведае некаторых элементарных словаў (а не ведае іх дзяўчынка зусім па прычыне адсутнасці звычкі да чытання!) Дзяўчынка сцвярджае: мы іх не вучылі! Бабуля тлумачыць, што вучыць іх і не варта – варта чытаць! Унучка не разумее – навошта чытаць звыш нарматыву? І насамрэч – яны іншыя. Любую інфармацыю можна знайсці ў сеціве за пару секундаў (і забыцца пра знойдзенае праз хвіліну).

Іншая справа – адключэнне інтэрнэту. Бадай, для дзяцей гэта большая псіхалагічная траўма, чымсьці для дарослых. Яны не могуць зразумець, як можна чакаць нядзелі, каб паглядзець пару дыснееўскіх мультфільмаў: яны ж заўжды могуць пабачыць жаданы мульт, казку або фільм. Яны не ўяўляюць, што электрычнасць можа прападаць на паўдні… І гэта добры, што яны такія. Не прымаюць сітуацыю адсутнасці выбару.

Непасрэдныя і шчырыя. Дзеці заўжды класныя. Цікавая гісторыя здарылася ў Жодзіна.

Настаўніца адной з мясцовых школаў прапанавала дзецям напісаць сачыненне на вольную тэму. І адзін хлопчык напісаў пра тое, што яго хвалюе. З процьмай памылак, затое шчыра і ад душы!

«Аднажды ўсе беларусы жылі ў міры і гармоніі но потым былі выбары і ізбралі… Ўсе было вроде харашо первыя 3 года. А после… Прашло нескалькі лет і людзі не маглі цярпець і началі мітінгі устраіваць… Прашол год і все такі его выгналі з должнасті і паставілі… Теперь людзі могут жіть спакойна і есть бульбу».

Аўтарскі стыль захаваны. Пропускі-кропачкі ў тэксце – дарослая цэнзура. Дзеці ў нас харошыя, хоць чытаюць мала… Праблема з граматнасцю спалучаецца з сітуацыяй спецыфічнага мясцовага білінгвізму, то бок трасянкі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ