Скаргі і прапановы



Кніга скаргаў і прапаноў – рэч неблагая! Можна паскардзіцца – можна прапанаваць… І пачуць нейкую рэакцыю ў стылі “Пытанне-адказ”. Даволі аператыўна.

Простая гісторыя. Чалавек хоча атрымаць пэўную паслугу за свае грошы. І не можа зрабіць гэтага па той простай прычыне, што ён перамяшчаецца на інвалідным вазку.

Шмат такіх прыкладаў знаходзіцца ў горадзе Ліда. Не таму, што горад дрэнны, зусім не! Проста там жыве вельмі рашучы і харызматычны вазочнік-блогер Саша Аўдзевіч, які шмат падарожнічае і распавядае не толькі пра прыемнасці, але і пра перашкоды на шляху. Ужо не адна недасяжная гарадская кавярня стала дасяжнай для чалавека ў інвалідным вазку, менавіта дзякуючы Сашу. Таму, што ён не маўчыць. Распавядае, крытыкуе і ўхваляе. Па справе. Вось і кавярня “Біг Смак” адкрылася ў горадзе Ліда ў пачатку лета.

Месца побач з замкам – цудоўнае! Аляксандр завітаў туды, убачыў сур’ёзную перашкоду – вялікі парог – на ўваходзе. Зрабіў замову – смачна! Выказаў пажаданне зрабіць кавярню дасяжнай для людзей на інвалідных вазках. Усміхнуўся і сышоў. Завітаў праз два месяцы – пераменаў да лепшага не ўбачыў. Прыступка на ўваходзе засталася. Напісаў заўвагу па тэме ў кнігу скаргаў і прапаноў. Прапанаваў фінансавую дапамогу. Атрымаў адказ ад гаспадара кавярні – няма часу і сілаў на ваш пандус. Окей. Аўдзевіч не пакрыўдзіўся сабраў кампанію з шасці вазочнікаў і завітаў ў лідскі “Біг Смак” на шаурму. Гаспадар кавярні кожнаму вазочніку дапамог праехаць. Зразумеў – пандус патрэбны. Замовіў. Маладзец! “Біг Смак” між тым працуе першы (!) год.

Медыцынскі цэнтр “Салюс” у горадзе Маладзечна працуе далёка не першы год. Гаспадар пра пандус думаў вельмі доўга, але паабяцаў яго зрабіць пасля чарговай скаргі. Падзяка (супрацоўнікам за дапамогу ў пераадоленні прыступак на ўваходзе) і скарга (на адсутнасць на ўваходзе пандуса) была запісана 18 верасня. 10 кастрычніка прыйшоў адказ – замоўлены праект пандуса. Здорава! Але яшчэ больш важна даведацца, калі ж з’явіцца сам пандус у маладзечанскім “Салюсе”. Вазочнікі даўно гатовы пратэставаць аб’ект.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ