Схавацца ад праблемаў… у канапе
За бягучы 2015 год прыбыткі беларусаў знізіліся на 5,4% у параўнанні з аналагічным перыядам (студзень-верасень) года прамінулага. Белстат. Невясёлая статыстыка.
І найбольш моцна грашовыя паступленні скараціліся ў Берасцейскай вобласці (6,9%), а найменш – у сталічнай Менскай вобласці (3,3%). У структуры грашовых прыбыткаў насельніцтва лідыруюць афіцыйныя заробак і сацыяльныя выплаты (пенсіі, стыпендыі, выплаты на дзяцей…)
Беларускія кошты за пазначаны перыяд (студзень-верасень 2015-га) выраслі на 10%. Лідары тут гародніна і цукар. Па росту коштаў мы абагналі еўрапейцаў ды расейцаў, але саступілі казахам. У кастрычніку Еўрастат зафіксаваў у еўразоне нулявую інфляцыю… Шанцуе людзям! Затое маюць праблемы з бежанцамі.
Тым часам сярэдні заробак ужо другі месяц скарачаецца. І калі параўнаць сярэдні беларускі заробак за верасень 2015 і снежань 2014, то лічбы будуць выглядаць непрыгожа. 389 і 621 даляры адпаведна. Па сярэднеўзважаным курсе Нацбанка РБ.
Падчас ёсць вялікая спакуса схавацца ад сваіх праблемаў, быццам страус… Галавой у пясок… І нейкі час не думаць пра тое, як дажыць да наступнага заробку… А падчас спосаб пратрымацца ад заробку да заробку дрэнна стасуецца з законам.
Па падазрэнні ва ўчыненні крадзяжу ў сталіцы міліцыя шукала мужчыну. У выніку супрацоўнікі крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РУУС пры падтрымцы спецпадраздзялення «Алмаз» затрымалі 32-гадовага грамадзяніна, што любіў разжыцца чужымі рэчамі ці грашыма. Аператыўнікі высветлілі, што мужчына цягам месяца хаваўся ад праваахоўнікаў, пражываючы ў знаёмых па розных адрасах. У кватэры аднаго са сваіх прыяцеляў ён і быў затрыманы. Ад міліцыянераў падазраваны схаваўся ў… канапе. Лагічна.