Скінулі маскі…



Эпідэмія каронавірусу прымусіла планету людзей адзець маскі, але ў Беларусі ўсё адбылося роўна наадварот: мы насамрэч за цывілізаваным светам не пайшлі.

Вось і апошняя хваля каронавірусу з самым непрыемным і небяспечным штамам, з гэтай трагічнай дэльтай, беларусаў не напужала. Мы, беларусы, заўжды найбольш асцерагаемся не войн ды эпідэмій, а начальства. Маленькі начальнік баіцца сярэдняга, сярэдні – большага, а большы – яшчэ большага! А яшчэ беларусы баяцца, што ж людзі падумаюць і скажуць.

Вось хавалі ў адной вёсцы пажылую жанчыну, якую са шпіталю выпісалі з “пнеўманіяй”. Вядома, трэба пахаваць па-людску, развітацца і памінкі справіць. Без памінак яно ж як? Непрыгожа! Ды і суседзі што падумаюць пра спачылую ды родзічаў? Ці не абгавораць? Вось і сабраліся вечарам – памянулі… А праз пару дзён усе зляглі з тым вірусам, якому абсалютна ўсё роўна, што пра яго людзі і нелюдзі думаюць – працуе ён па сваім алгарытме. І бедныя нашы вясковыя пенсіянеры хто ў шпіталі, хто дома, але хварэюць цяжка… Дай Бог ачуняюць! Але ж на Бога спадзявайся, а сам не будзь дурнем – больш шансаў выжыць і ачуняць у вакцынаваных і дысцыплінаваных! Маскі, антысэптык і дыстанцыя.

Масачны рэжым адмянілі – і гэта зусім не пра тое, што людзям не варта насіць маскі. Гэта ўсё з іншай оперы… Маскі скінутыя і добра бачна, хто ёсць хто  насамрэч. Хоць можна не думаць і надалей ні пра сябе, ні пра сваіх блізкіх і далёкіх. Не думаць і працягваць баяцца начальства. Самы вялікі страх беларуса – начальства!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ