Скнара губляе двойчы



10 снежня ўся прасунутая супольнасць людзей адзначае Дзень правоў чалавека.

Бадай, змагацца за свае правы ад шчырага сэрца беларусам перашкаджае сонечны дэфіцыт. Зірніце, што за вокнамі! Шэрань і слота. Сіноптыкі прагназуюць на бліжэйшы час снег з дажджом, галалёд, месцамі – туманы… Прагноз зусім не натхняе, але падаецца праўдападобным на 100%. Што рабіць з усім гэтым?

Змагацца. Запальваць унутраныя лямпачкі святочнага настрою… У каталікоў – Адвент… Ім прасцей? Астатнім застаецца прыдумаць альтэрнатыву і ствараць сабе святочны навагодне-калядны настрой. На ім, глядзіш, даедзеш да 31 снежня і – па інерцыі! – дацягнеш да 13 студзеня. У спадзяванні на цуды і перамены. У працэсе дэгустацыі кулінарных шэдэўраў або злоўжывання імі напоўніцу.

Трымайцеся, карацей, людзі: лета яшчэ не хутка прыйдзе! Набывайце падаруначкі родным і сябрам. Чапляйце гірлянды. Рыхтуйце елку (або сасну). І плануйце свае грашовыя выдаткі ў сувязі з усім вышэй пазначаным. На чымсьці можна ашчадзіць, але хай гэта не будзе елка (або сасна). Спілаваць дрэва і дацягнуць яго да хаты – тая яшчэ прыгода, той яшчэ квэст! Па-першае, прыроду пашкадуйце… Не шкада? То згадайце пра штрафы. Мінлясгас папярэджвае: спілаваная ў лесе елка будзе каштаваць вам у 122 разы болей, чымсьці набытая на адмысловым кірмашы калючая прыгажуня. Кірмашы ў Беларусі пачнуць працаваць з 17 снежня – набыць да святаў паспееце!

Запрацавалі і каткі на Гарадзеншчыне… І калі рыбакам на лёд выходзіць непажадана з-за недастатковай таўшчыні лёду на вадаёмах, то жадаючыя пакатацца на каньках маюць такі шанец (пры адпаведным настроі і надвор’і!) На Смаргоншчыне паабяцалі заліць 17 каткоў. Пабачым!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ