Скрадзены час



За вокнамі – шэрань і дождж. Прачынаешся раніцай і думаеш – раніца нядзелі! Якое шчасце – ёсць трохі часу… Наважыцца на доўгі тыдзень з працоўнай суботай.

Ідзе падрыхтоўка да “свята”. Чамусьці святам у нас лічыцца дзень чарговага крывавага перавароту ў гісторыі – такая вось іронія лёсу. Мы жартуем з амерыканцаў, якія захапляюцца Хэлоўінам, а самі святкуем нейкі зомбі-апакаліпсіс. Суседзі на захад перавялі стрэлкі гадзіннікаў назад. Мы стаім на месцы і нічога не змяняем. Так прасцей? Але ж чаму ў лістападзе так цяжка прачынацца гарадзенцам і берасцейцам ды пхнуцца на працу, калі суседзі ў Польшчы маюць магчымасць паспаць дзве лішнія гадзіны? Карацей, калі не запаліш унутраныя лямпачкі, то будзе значна цяжэй перажыць беларускую познюю восень, асабліва згадаўшы 29 кастрычніка і 100 забітых беларусаў. Лепшых з іх. Лепшых з нас…

Моладасць лёгкай імглою

Дзесь уцякла ў нябыт.

Проза разбурыла мроі,

Як хваля нязвязаны плыт…

Алесь Салагуб быў расстраляны яшчэ ў 1934-м. Справа «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Яму было 27. Аспірант і паэт. Жонку з малым сынам саслалі на Поўнач. Там яны і згінулі.

А потым былі іншыя паэты. Яны яшчэ паспелі напісаць свае аптымістычныя вершы.

Іду, іду, а шлях удалеч кліча.

Плывуць лісты ў восеньскай вадзе.

Здаецца, гэта нават не кастрычнік,

А самы ясны і вясновы дзень.

Іду, іду і не хачу спыніцца…

Ізі Харык, пераклад Сяргея Грахоўскага… Беларускага габрэйскага паэта спынілі і расстралялі 29 кастрычніка 1937 года.

Я не хачу і не магу згадзіцца,

Што будзе снег, і сцюжа, і імгла…

Іх час папросту быў скрадзены. І адчуваем гэта мы. На сабе. 29 кастрычніка 2017 года.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ