Слова не верабей!



Цікавыя ў жыцці супадзенні здараюцца… І не заўжды мы атрымліваем той вынік, на які разлічвалі ў самым пачатку сваіх авантураў. Здараецца…

Валютна-рублёвая нестабільнасць штурхае жыхароў Айчыны да думак пра свой цяжкі лёс, да вынаходніцтва новых спосабаў зарабіць на хлеб надзённы. Праўда жыцця.

І “цікавыя” варыянты падчас прапаноўвае наша дзяржава… Ад 10 да 50 базавых велічыняў можна зарабіць за дапамогу ў змаганні з карупцыяй. Пра тое, што грамадзяне будуць атрымліваць грошы за такія “паслугі”, кажацца ў пастанове №101 ад 5 лютага 2016 года.

Выплата ўзнагароджвання фізічнай асобе за садзейнічанне выяўленню карупцыі адбываецца ў выпадку прадастаўлення інфармацыі, прадметаў і дакументаў па тэме. За звесткі пра месцазнаходжанне асобы, якая знаходзіцца ў вышуку па справах карупцыйных. Пра грошы і маёмасць, здабытыя няправільнымі сродкамі, пра іх месцазнаходжанне… Там шмат варыянтаў дапамогі, у пастанове №101! Чым цяжэйшае карупцыйнае злачынства вы дапамагаеце раскрыць, тым больш базавых велічыняў можаце атрымаць. Усё лагічна.

І вось выплывае ў навіновай стужцы іншае цікавае паведамленне. Справа пра ілжывы данос на суддзю ў горадзе Віцебску накіравана ў суд. Ужо праведзена папярэдняе расследаванне. Грамадзяннін, што абвінаваціў суддзю ў хабары, рацыі па факце не меў. Таварышу пагражае турэмнае зняволенне тэрмінам да 5 год.

Варта адказна ставіцца да сваіх вусных і пісьмовых выказванняў, спадарства. Словы могуць разыходзіцца са справай, могуць быць няправільна зразуметы навакольнымі. Ці то вы самі абралі не тыя словы. Не ў той час. І не ў тым месцы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ