Слова не верабей?
Жыццё кароткае – і падчас яно ляціць, бы хуткасны балід… Нам цяжка паспець зрабіць усё запланаванае і задуманае намі. Штосьці паспяваем, а штосьці – не.
Тым часам у іншых людзей таксама могуць быць да нас прэтэнзіі: штосьці камусьці абяцаеш, а потым вылецела абяцанка з галавы ды ўсё! Або яе выцесніла з памяці нежаданне тую абяцанку выконваць… Стомленасць, змена абставінаў, склероз, псіхалогія – што заўгодна! Прычыны могуць быць абсалютна рознымі! Гэта жыццё – усё здараецца…
Іншая справа, калі вы становіцеся асобай вядомай і публічнай. Палітыкі, чыноўнікі і нават спартоўцы вымушаны за свае словы адказваць і фільтраваць выдадзенае ў эфір. Тэарэтычна! А насамрэч за словы ніхто не адказвае і пра многія свае абяцанкі vip-персоны забываюцца. Адзін менскі айцішнік вырашыў адсачыць, хто што каму калі сказаў. Падаць працэс у дынаміцы – ярка і вобразна. Шыкоўная задумка! Тут вам і стаўка на IT (гэта ж трэнд!), і пачуццё гумару, і змаганне з кліпавым мысленнем ды склерозам адначасова…
Праўда, у нашых шыротах назіраецца дэфіцыт ёду, сонца і пачуцця гумару, таму сайт Promise.by выклікаў дзесьці там зверху незразумелыя жарсці і крыўды. Камусьці не спадабаўся інтэрактыўны рэжым? Бо магчымасць дадаваць у спіс новыя абяцанні новых VIPаў, сустрэтыя ў СМІ, мае любы жадаючы… Пытанне спрэчнае і нявырашанае, але калі пра сайт многія іншыя сайты напісалі 17 студзеня, то ўжо 19-га прайшло іншае паведамленне – стваральніку наватарскага рэсурса прапанавалі звольніцца. Хлопец блефуе – быццам усё роўна думаў звальняцца, але адна справа звальняцца па прычыне змены жыццёвых планаў і зусім іншая – па прымусу зверху.
Шкада – не дараслі мы да IT-дзяржавы! Нам бы правесці абгрэйд пачуцця гумару, якое раней было тут… Па сведчанні некаторых летапісных крыніц.