Смаргонь прамысловая



Смаргонь – радзіма многіх таленавітах людзей, але ў наш час невялікі горад на захадзе Беларусі асацыіруецца пераважна з новымі прадпрыемствамі, інвестыцыямі і некаторымі экалагічнымі праблемамі.

Пытанні экалагічнага плану прагучалі і на сустрэчы раённых чыноўнікаў з працоўным калектывам ДРАЦ “Лясная паляна”. Перш наперш “мясцовым” было расказана пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Смаргонскага раёна і планы на 2020 год. Потым працаўнікі санаторыя змаглі задаць чыноўнікам свае пытанні. Людзей цікавяць дарогі, гарадскі транспарт, экалагічная абстаноўка… Жыхароў Смаргоні абурае дрэнны пах з боку Белагратэрмінала. Першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Мядзвецкас запэўніў прысутных, што кіраўніцтва Белагратэрмінала ўжо прыняло рашэнне інвеставаць грошы ў праект па “выдаленні спецыфічнага паху” ў навакольнае асяроддзе… Гучыць цікава.

Значыць, спадары інвестары саспелі да вырашэння праблемаў, імі створаных? І нарэшце прызналі, што смурод у Смаргоні не фантом і не бздура мясцовых жыхароў? То варта радавацца і чакаць, калі прект з тэорыі стане практыкай.  Абяцаюць вырашыць пытанне з пахамі ў красавіку або траўні месяцы (бягучага года).

Яшчэ адно пытанне, узнятае на сустрэчы, тычылася гарадскога транспарту. Раніцай з мікрараёна “Карані” да цэнтра горада ідуць два аўтобусы. На вуліцы Інжынернай садзіцца шмат народу – аўтобусы едуць перапоўненымі… Ці ёсць магчымасць зрабіць дадатковы рэйс на гэты час? Не, на жаль, няма: аўтобусы перапоўненыя толькі два прыпынкі – немэтазгодна дадаваць яшчэ адзін.

Смаргонь апошнім часам пераўтварылася ў вялікі горад з процьмай машын і машынак – нават коркі час ад часу ўтвараюцца. Глабалізацыя, інвестыцыі…  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ