Сон летняй ноччу…



Здараюцца такія дні: ты засынаеш у адной краіне, а прычынаешся… у той самай, але пытанні сабе задаеш ужо іншыя! Засынаеш і думаеш, чаму б не ашчадзіць грошы на тое, на што яны цяпер марнуюцца?

У гэтым годзе было б лагічна адмяніць не толькі фэст у Маладэчне, але і “Славянскі базар” у Віцебску. Гэта мерапрыемства збіраюцца правесці ў скарочаным фармаце, але ж усё роўна цымус будзе не той! Яно ж як у нас? Гуляць дык гуляць! А як ты пагуляеш у масках ды пальчатках, баючыся, што на канцэрце Ваенгі ці Алегравай на цябе сусед начхае?! Як верабей у веніку! Несур’ёзна. Ды і многія расейскія “зоркі” ўжо заявілі, што не прыедуць у Віцебск. Спужаліся каронавіруса. Спачатку на парад наш ехаць не захацелі, а цяпер – на базар! Дзіўныя людзі… Або так і трэба?

Засынаеш і думаеш: раз ужо здарыўся ў свеце гэты новы – дзіўны і небяспечны! – вірус, то чаму б не правесці такую наватарскую рэч як адмена выбараў. У свеце і краіне форс-мажор – прызнаем гэта ўрэшце і ашчадзім грошай на барацьбу з кавідам. Маскі, пальчаткі, абарончыя касцюмы, антыбіётыкі, вітаміны, апараты КТ – усё гэта патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў! А рэабілітацыя хворых пацыентаў? Было б лагічна бюджэтныя сродкі кінуць на амбразуру барацьбы з усім ужо вядомай трасцай. І не прыйшлося б чакаць экспрэс-тэстаў з “гуманітаркі” – самі змаглі б набыць у патрэбнай колькасці… Але не. Мы не шукаем лёгкіх шляхоў. Выбарам – быць! Застаецца спадзявацца, што яшчэ ў кагосьці з прэтэндэнтаў у кандыдаты штосьці ўнушальнае па суме знойдзецца за канапай.

Засынаеш і бачыш збор подпісаў за вызваленне з-за кратаў кандыдата ў прэзідэнты. Аднаго з іх. 10 тысячаў подпісаў літаральна за гадзіну. Прачынаешся – іх ужо 100 тысячаў. І цікавы начны фотарэпартаж з летняй сталіцы адной дзіўнай краіны… І дзень народзінаў Васіля Быкава ўжо сёння.

Усё супала. І наперадзе яшчэ цэлае лета, якое можа і засмуціць, і парадаваць. Па чарзе. Жыццё яно такое. У палосачку.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ