Сосны і валуны ў Курапатах
Справа з Курапатамі выглядае дзіўна: апошнія гадоў 20 на ўзроўні дзяржавы іх старанна замоўчвалі і аддавалі каму заўгодна – апазіцыі, “маргіналам”, забудоўшчыкам рознага кшталту… І вось – спахапіліся! Курапаты, аказваецца, патрэбны дзяржаве.
Пра іх можна пісаць у “Звяздзе” ці “СБ”. Ва ўрочышчы можна (і трэба!) узвесці мемарыял… Насцярожвае? Ці можна супакоіцца ды прызнаць, што да дзяржавы і кіраўніцтва ўрэшце дайшло, што Курапаты – месца знакавае і важнае як для гісторыі нашай, так і для сучаснасці? Усё супярэчліва і няпроста.
У Курапатах збіраюцца паставіць помнік «усім бязвінным ахвярам ХХ стагодздзя». Фармулёўка абагульненая. Гэта вынікае з дакументаў, якія тычацца стварэння мемарыяльнага знаку ў Курапатах, што трапілі ў СМІ. Мэта конкурсу: «Пошук найбольш выразнага мастацкага адбітку вобразу ўрочышча Курапаты як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэння». Час правядзення конкурсу – няпоўны месяц. І толькі 4 дні на падвядзенне вынікаў – да 1 траўня вынік павінен быць. З серыі “Выканаем і перавыканаем?” Спачатку тармазім, а потым паскараемся? Нелагічна.
З іншага боку, усё прадказальна: рэвалюцыі рыхтуюць і здзяйсняюць рамантыкі, а вынікі скарыстоўваюць прагматыкі. Цяжка ўявіць у нашых умовах Зянона Пазьняка, які быў адным з адкрывальнікаў Курапатаў, старшынём такой вось конкурснай камісіі. Святлану Алексіевіч – таксама. Да таго ж, цяперашнія беларускія ўлады не кажуць, хто расстрэльваў людзей у Курапатах. І не скажуць. Хочацца спадзявацца, што сосны і крыжы застануцца, як і памяць пра тое, хто і каго ў Курапатах расстрэльваў.