Спартыўны інтарэс?



Сектар спорту і турызму Смаргонскага райвыканкама і ФК «Смаргонь» у сувязі з распаўсюджваннем каранавіруса рэкамендуюць устрымацца ад наведвання гульні з камандай з Пінску «Хваляй».

Гучыць цікава. Выглядае прадумана… Зусім нядаўна мітрапаліт Павел прасіў вернікаў устрымацца ад наведвання храмаў падчас велікодных святаў – не пачулі! Маскоўская епархія ўвогуле забараніла пускаць народ у храмы… І гэта той дзіўны расклад падзей, калі аўтарытарызм аппраўданы. Ён апраўданы з вернікамі, якія ўпэўнены, што не захварэюць. З людзьмі, якія ў 21 ст. не адчуваюць розніцы паміж прыгожай біблейскай метафарай і рэальнасцю нашых дзён. Многія святары не падтрымалі мітрапаліта. Многія праваслаўныя святары ў Беларусі і Расеі ўвогуле не ўспрынялі хваробу ўсур’ёз. Хтосьці з іх пасля гэтага сур’ёзна хварэе. Кагосьці ўжо няма ўжывых… Дзіўныя справы. Што казаць пра звычайных вернікаў? Хто раскажа пра іх? Хто пашкадуе іх потым?

З заўзятарамі падобная гісторыя. Тут таксама зашмат эмоцый і замала логікі. Вы можаце іх папрасіць не прыходзіць, спадарства, але яны ўсё роўна прыдуць! Матч адбудзецца 25 красавіка ў 16:00 у Смаргоні, на цэнтральным стадыёне «Юнацтва». Абяцаюць анлайн-трансляцыю на сайце асацыяцыі «Беларуская Федэрацыя Футбола» 1-я ліга… То паглядзіце онлайн?!

Тым, хто прыйдзе, нагадваюць пра меры засцярогі: поціскі рук, дыстанцыю, маскі… Усё гэта нагадвае прапанову насіць маскі школьнікам падчас урокаў і перапынкаў. Атрыманыя ад продажу квіткоў грошы абяцаюць перадаць на патрэбы Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы. Думаецца, апошняя сказала б агромністы дзякуй за адмену ўсіх мясцовых матчаў… Але мы не шукаем лёгкіх шляхоў, праўда?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ