Справы нашага „аграгарадка”



Восень. Залессе на Смаргоншчыне. Апошні тыдзень верасня свецкае жыццё ў нашых мясцінах літаральна б’е ключом! Варта сказаць дзякуй Міхалу Клеафасу Агінскаму? Статусу аграгарадка? Мясцовым людзям?

25 верасня ў дзень народзінаў кампазітара і палітыка была ўрачыста адчыненая альтанка Амеліі ў англійскім парку музея-сядзібы – паспяхова завяршыўся чарговы трансгранічны грантавы праект. Урачыста, прыгожа, адзіны мінус – холадна! Затое музейшчыкі паабяцалі наступным летам ладзіць тут камерныя канцэрты. Чакаем!

27 верасня ў Доме культуры Залесся прайшоў юбілейны канцэрт мясцовай вакальнай групы “Заляснянка”. 25 год спяваць – гэта вам не жартачкі! Восем самадзейных артыстак збіраюцца на рэпетыцыі і выступленні ў любое надвор’е.

Ужо 28 верасня музей-сядзіба М.К. Агінскага зноўку прымаў шаноўных гасцей – традыцыйны восеньскі баль! Сярод прысутных высокіх гасцей былі заўважаны пасол Аўстрыі спадарыня Алаізія Вёргеттэр, прадстаўнікі французскай амбасады, мастакі, паэты і чыноўнікі (куды ж без іх?) І вось тут узнікае лагічнае пытанне. Залессе вяртае сабе славу Паўночных Афінаў? Вытрымлівае статус аграгарадка? Што адбываецца ў нас напярэдадні парламенцкіх выбараў? А ў нас ліквідуюць стаўку лабаранта і зачыняюць лабараторыю ў мясцовай амбулаторыі. Ашчаджаем грошы. І мясцовую лабарантку – маладую жанчыну з двума малымі дзецьмі – адпраўляем на працу ў раён, а ў Залессе два разы на тыдзень будзем дасылаць лабаранта для забора усемагчымых вадкасцей вашага арганізму, шаноўныя.

Стала горш не ў сераду, а ў панядзелак? Вашы праблемы. Жыхары Залескага сельскага савету і суседняй вёскі Сінькі могуць ехаць здаваць аналізы ў Смаргонь, а потым, дачакаўшыся вынікаў (або прыехаўшы за імі ў іншы дзень, што найбольш верагодна!), вяртацца з імі да свайго доктара ў Залессе. І старыя, і малыя. І моцныя, слабыя. Хм, папярэдне ўсё ж яшчэ накіраванне на аналізы трэба ўзяць у Залессі… Заблытаная лагістыка для нясціплага аграгарадка з прэтэнзіяй на славу Паўночных Афінаў, праўда? А пару год таму тут зачынілі аптэку. Вось і жыві ў вёсцы. Жыві і радуйся.

Жыць можна паўсюль, але навошта гучна называць паселішча аграгарадком, пастаянна зніжаючы сацыяльныя стандарты. Навошта зваць сюды моладзь? Чаго тут чакаць? Абураныя мясцовыя жыхары пачалі збіраць подпісы, каб захаваць лабараторыю ў Залессі. Чакаем у госці сталічных журналістаў. Працяг будзе. Пажывем – пабачым… Галоўнае своечасова здаваць аналізы. Пытанне – дзе, як і якім коштам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ