Спрэчкі пра манікюр і штучны інтэлект



Любім мы паспрачацца! Нагода можа быць любой – пачынаем са сталінскіх рэпрэсій, даходзім да пенсій і магчымага падвышэння пенсійнага ўзросту, вяртаемся да тэмы свабоды… Свабоднага перамяшчэння тавараў у прасторы, у прыватнасці… Спрачаемся зноў.

Тут пачынаецца самае цікавае. Не ўсё патрэбнае можна набыць у Беларусі, а некаторыя рэчы ўвогуле лепш не набываць па той простай прычыне, што яны ўсё роўна зробленыя ў Кітаі. Значыць, лагічна набываць тавары там… Адзіны нюанс – адлегласць. Пэўны час пошта паспяхова вырашала гэту праблему, але ж маем яшчэ ўсюдыісную мытню!

У нашай дзяржаве своеасаблівае стаўленне да імпарту ў цэлым. Імпарт прызнаны ў нашых шыротах нейкім злосным парушэннем і знаходзіцца ў адным шэрагу з буржуйскімі штучкамі, спекулянтамі і фарцой. Штосьці такое, без чаго можна было б абысціся, схадзіўшы ў ГУМ, ЦУМ ці на кірмаш у скрайнім выпадку… Гэта на адным узроўні з модным манікюрам, без якога цудоўна раней абыходзіліся нашы работніцы і сялянкі.

Так, уся фішка нашай гісторыі ў манікюры. Адна гарадзенка замовіла ў Кітаі лямпу для манікюра – па зніжцы! І планавала ўкласціся ў суму і вагу, лімітаваную айчыннай мытняй. Айчынная мытня не пагадзілася і вырашыла, што кітайская лямпа каштуе і важыць больш. Вымусілі гарадзенку пошліну сплаціць – тая вырашыла сплаціць, але напісала просьбу пра перагляд справы… Мы ж любім паспрачацца, праўда? Чаму не? Перагледзілі, пералічылі.

У спрэчках ісціна нараджаецца, спадарства! Галоўнае – стрымліваць эмоцыі, а гэта не заўжды магчыма. У ЗША зладзілі цікавы эксперымент: зладзілі дэбаты паміж чалавекам і штучным інтэлектам. На дадзены момант перамог чалавек, але што будзе далей – пытанне спрэчнае і нявырашанае. Важна, што ўжо існуе машына, мэта якой – перамагчы ў дэбатах homo sapiens. Можна пачынаць спрачацца пра працу такой машыны ва ўмовах свабоды/дыктатуры, але ці разумна гэта? Усё вырашае практыка.           

Беларускае Радыё РАЦЫЯ