Спытае люты, ці моцна абуты!



Беларусы Санкт-Пецярбурга ў нядзелю раніцай павіншавалі з днём народзінаў беларускага пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча. Акцыі салідарнасці з беларусамі прайшлі ў Беластоку, Берліне, Марсэлі і Парыжы. Двух дзяўчат у Маскве арыштавалі з бел-чырвона-белым сцягам (або – за бел-чырвона-белы сцяг?)

Азірніцеся на пачатак 2020-га – вы маглі падумаць, што беларусы выставяць сабе ды іншым “планку” ў 300 тысячаў людзей на вуліцах сталіцы, процьму сцягоў і ніводнай пабітай вітрыны і спаленай машыны? Час паказаў, што жыць страшна. І страшна цікава разам з гэтым. Эпідэмія. Гвалт. Пратэст. Людзі… Кожны новы дзень робіцца іспытам на чалавечнасць, кожны новы дзень пакідае зашмат пытанняў і дае мала адказаў.

Суседзі спрабуюць паўтарыць наш досвед. Пратэст у сталіцы і рэгіёнах. Зачыненае метро. Праблемы з інтэрнэтам. Масавыя арышты. Больш 4 тысяч затрыманых у 86 гарадах.

Пэўная група грамадзянаў Беларусі звярнулася ў Генеральную пракуратуру з просьбай забараніць бел-чырвона-белы сцяг і прызнаць экстрэмісцкім. Услед з’явілася ў інтэрнэце петыцыя супраць прызнання сцягу і сімволікі ў бел-чырвона-белых колерах экстрэмісцкай. За пару дзён маем 60 тысячаў подпісаў. Падтрымка відавочная, але ці павінны людзі збіраць подпісы ў абарону нацыянальнай сімволікі і апраўдвацца за свой сцяг? Дзіўна.

Возьмем іншую гісторыю. Гэтымі днямі з дома мастака Алеся Пушкіна ў вёсцы Бобр Крупскага раёна літаральна здзерлі бел-чырвона-белы сцяг, што вісеў тут 24 гады. Гаспадара не было дома. Аўто мясцовага начальства, вышка, камунальнікі сцягнулі сцяг, зламаўшы тронак… І дзе ў гэтым ланцугу развіцця падзей хоць слова пра прыватную ўласнасць і павагу да асабістай прасторы гаспадароў? Яшчэ адно пытанне без адказу, але ж некалі прыдзецца адказаць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ