Статыстыка – царыца ўсіх навук



Белстат рапартуе: рэальныя грашовыя прыбыткі насельніцтва за студзень-жнівень бягучага года выраслі на 7,8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Лічбы ўвогуле супакойваюць і дадаюць логікі ў наша жыццё, асабліва лічбы, старанна раскладзеныя па палічках статыстыкай. Што ж такое “рэальныя наяўныя грашовыя прыбыткі насельніцтва”? Гэта адзін з галоўных эканамічных паказчыкаў, па якіх вызначаецца дабрабыт грамадзянаў. Гэта грашовыя прыбыткі, не лічачы ўсемагчымых падаткаў і збораў, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх коштаў на тавары і паслугі.

Паводле Белстата, мы цяпер знаходзімся на пазітыўнай хвалі. Найбольш моцнае падзенне прыбыткаў за апошнія 10 гадоў беларусы перажылі ў 2016 годзе.

Тым часам беларускім пенсіянерам абяцаюць неблагое падвышэнне пенсій у самы бліжэйшы час. Урад рыхтуе прапанову пра рост выплат на 5%. З 1 лістапада.

Можна зірнуць на сярэднія пенсіі беларусаў тут і цяпер. Па-першае, яны налічваюць не больш за 37% ад сярэдняга ж заробку па краіне (улады плануюць давесці да 40 %). Па-другое, найбольшыя выплаты атрымліваюць жыхары сталіцы (чаго і варта было чакаць!), а найменшыя – жыхары Гарадзенскай вобласці (у нас не любяць заходнікаў?)

На развітанне можам падлічыць, ці шмат бульбы з’ядае кожны беларус і… супакоіцца. Лічбы супакойваюць, асабліва лічбы, правільна па палічках раскладзеныя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ