Страшная калядная казка
Распачыналіся калядныя вакацыі… Хтосьці піў каву з цынамонам з парцалянавых філіжанак, а хтосьці вырашыў падвесці баланс. Даўгі – справа такая…
Лепш не пакідаць іх у старым годзе – даўгі. Прыкмета благая. Тым часам, сусуседзі па двары – хлопчыкі Саша і Вова – ніяк не маглі падзяліць свае цацкі. То бок у кожнага яны былі асабістыя, але ж добра вядома, што свае цацкі дзеці не шануюць – з чужымі гуляць заўжды цікавей! Саша вельмі любіў браць цацкі ў Вовы пагуляць… Да сябе дадому. Аддаваць забываўся.
То Вова прыходзіў і забіраў сваё з працэнтамі, то бок прыхапіўшы пару Сашавых цацачак. Быў старэйшы, мацнейшы, меў дужых таварышаў – мог сабе дазволіць дрэнныя паводзіны. Саша не мог сабе дазволіць многае. Але дазваляў. Потым прыходзілася разлічвацца. У адзін цудоўны дзень Вова прыйшоў і заявіў, што за сваю крутую, але паламаную Сашам цацку… забірае ўсе яго цацачкі. І забаўкі яго малодшых братоў і сясцёр. Разам са старой хацінай… Наступнай ноччу – ужо навагодняй! – хата згарэла ў Вовы. Бо не варта браць працэнты ў выглядзе танных кітайскіх петардаў.
Тым часам у адной цудоўнай краіне пад Новы год зусім сапсавалася надвор’е, пераўтварыўшы прыгожую і вытанчаную снежную паэму ў вар’яцкі шэры трылер. Дзед Мароз не давёз падарункі мясцовым хлопчыкам і дзяўчынкам. Заграз недзе паміж пустак і балот. Перамоўны працэс быў спынены ў самым пачатку. Дзеці гэтай шэрай краіны не заслужылі падарункаў. Па той проста прычыне, што ім і так пашанцавала… нарадзіцца тут.
Даўгі засталіся на наступны год. Цуды пляліся недзе побач. У хвасце. Для душэўнага балансу. Шануйце тое, што маеце. І не бярыце чужога.