Сучаснікі



Паўсюль – чалавечы фактар! І міліцыянеры, і суддзі, і журналісты дзяржаўных або незалежных СМІ – перш за ўсё людзі. Дэлегаты Усебеларускага сходу – таксама людзі.

І ў кожнага з іх маецца свой жыццёвы досвед, а там – вучоба, праца, сям’я… І нават дзіцячы садок! І адна справа – ісці на сход з пэўным наборам пафасных рэчаў і зусім іншая – судакрананне твайго пафаснага спічу з рэальнасцю. Возьмем шырокавядомую ў вузкіх колах Вераніку Сярдзюк. Праваслаўная феміністка – так пра сябе кажа матушка Вера. Яна распавяла, што ідзе на сход як маці і будзе там задаваць пытанні пра праблемы сям’і, пра падтрымку сям’і – студэнцкай, шматдзетнай, рознай, бо сям’я і Бог для матушкі Веры – найвялікшая каштоўнасць.

Сястра палітычнага вязьня Паўла Севярынца пісьменніца і публіцыст Ганна Севярынец звяртаецца да шматдзетнай маці, кіраўніцы цэнтру «Матуля» Веранікі Сярдзюк і сваёй былой калегі па працы на адным з жаночых інтэрнэт-рэсурсаў з просьбай… Просьбай азірнуцца і падумаць (https://svabod1.azureedge.net/a/31090404.html ). І  нагадвае пра свайго брата і яго сям’ю. Такіх сем’яў цяпер у Беларусі многа. Сям’я Статкевіча, Севярынца, Лосіка і многіх, многіх іншых. Ганна Севярынец прапанавала Вераніцы Сярдзюк у фэйсбуку прадставіць на сходзе Вольгу Севярынец і другіх мам. Вераніка Сярдзюк выдаліла свой фэйсбук. Гэта ўжо і ёсць адказ або будзе штосьці яшчэ? У перапынку паміж паседжаннямі і банкетамі з чырвонай ікрой… Дарэчы, чаму было не выбраць анлайн-фармат для дадзенага сходу? Па-першае, каронавірус ніхто яшчэ не перамог, а па-другое, варта ашчаджаць грошы падаткаплацельшчыкаў, спадарства. І на ахове, і на гатэлях, і на банкетах ашчадзілі б грошы для шматдзетных сем’яў ды дзяцей-сірот. Не? Адна справа – словы. Іншая – справы!

І па справах вашых будзе дадзена вам… І не важна, калі спрацуе славуты закон бумерангу, сумленне або суд (людскі ці Божы) – спрацуе ўсё адно. І адна справа не бачыць рэпрэсій, бо гэта здарылася з людзьмі, якіх ты зусім не ведаеш, а іншая – ігнараваць праблемы калег, сяброў, былых аднакурснікаў, суседзяў… Дарэчы, пра суседзяў. Адна справа – чытаць, што кагосьці аштрафавалі за “няправільную” сімволіку ў вокнах, а зусім іншая – даносы ад суседзяў пра такую сімволіку туды, куды трэба. Адразу згадваеш Даўлатава і разумееш, што побач з табой жывуць людзі, здольныя пісаць даносы сёння на адно, а заўтра – на зусім іншае.

Вось падабаецца людзям псаваць жыццё іншым. Суседзям, калегам, сучаснікам…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ