Супадзенні



“Прыйшоў Пятрок – апаў лісток” – так у народзе кажуць. Дзень св. Апосталаў Пятра і Паўла адзначаецца 12 ліпеня штогод і нагадвае: праляцела ўжо палова лета… У бягучым годзе за праваслаўным святам ідзе пятніца, 13-га. Людзі прымхлівыя лічаць такі дзень нешчаслівым і няўдалым, а як яно насамрэч?

Прагноз надвор’е падтрымлівае песімістаў  і абяцае аранжавы ўзровень небяспекі з-за дажджу і грымотаў. Магія лічбаў? Хутчэй супадзенне! Тым не менш лічбы сваю ролю адыгрываюць. Возьмем чарговую крымінальную сітуацыю  ў сталіцы: суседзі скралі ў суседзяў 30 тамоў энцыклапедыі – распачатая крымінальная справа. Было б 2 тамы, маштаб быў бы іншы… Увогуле, гісторыя адбылася даволі займальная. Жанчына зайшла да суседкі патэлефанаваць, убачыла ў тамбуры кнігі, а потым разам са сваім мужам іх вынесла. 30 тамоў коштам 320 беларускіх рублёў. Іх часткова паспелі прадаць, але пацярпелая зразумела, што чагосьці не хапае, і звярнулася ў міліцыю.

Яшчэ ў савецкія часы нашы шэрыя шыроты чыталі вельмі шмат: жыццё за вокнамі было такім дзіўным, што грэх было не занурыцца ў кнігі, схаваўшыся ад сацыялістычай рэальнасці… Але сёння – у 21 стагоддзі! – прадаваць скрадзеныя томікі, рызыкуючы свабодай? Дзіўныя людзі сустракаюцца ў свеце… І не ўсім з суседзямі шанцуе… Частка 2 артыкула 205 КК РБ. То бок маем на выбар – папраўчыя працы тэрмінам да двух гадоў,  арышт ад трох да шасці месяцаў або нават абмежаванне/пазбаўленне волі тэрмінам да чатырох гадоў.

Распачаўся “Славянскі базар” у Віцебску – і надвор’е традыцыйна сапсавалася. Супадзенне?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ