Суседзі



Параўнанні – справа няўдзячная. Ва ўсіх усё па-рознаму здараецца. Так можна сказаць і пра людзей, і пра краіны. І калі заходзіць размова пра (магчымую) рэвалюцыю, пра любы варушняк, хтосьці, баючыся дыхаць, прамаўляе: “Абы не здарылася так, як ва Украіне…”

Маўляў, за майданам прыйшлі вайна, безуладдзе і безграшоўе… І пэўны час Беларусь падавалася адноснай выспай спакою, ладу і незалежнасці… Камусьці падавалася… А хтосьці ехаў у Львоў, Кіеў, Адэсу і радаваўся жыццю. Лета 2020 года ўвогуле пазбавіла многіх беларусаў ад страху Украіны. У адрозненне ад украінцаў, што яшчэ маюць зашмат ілюзій пра беларускі парадак. Добра, кожнаму сваё.

У многіх беларусаў у сваю чаргу застаецца шмат ілюзій пра Беларусь і Расею… Маўляў, і дарогі там жахлівыя, і крымінал, і поўнае бяспраўе… А як насамрэч? Варта з’ездзіць і зірнуць на свае вочы, а пакуль можам параўноўваць іх і наш пратэст анлайн, каментаваць тое, што бачым дзякуючы інтэрнэту. Дык вось пакуль паводзіны іх органаў правапарадку выглядаюць больш цывілізавана. Так, і там б’юць жанчынаў і ладзяць хапун, але там просяць прабачэння ў збітай жанчыны за збіццё. Маўляў, выбачайце, не разгледзеў! І кветак букет пад нос. Паказуха? Лепш хай так. У Расеі лічыцца непрыстойным біць людзей?

Беларусь не можа адчуваць сябе еўрапейскай краінай нават у параўнанні з тымі сваімі суседзямі, да якіх – скажам шчыра! – заўжды ставілася паблажліва. Маўляў, у нас дыктатура, але ж мы ў цэнтры Еўропы, мы гаспадарлівыя і працавітыя… Мы так доўга бачылі стрэмку ў воку другога, што не заўважылі бервяно ў сваім уласным.

Прыгадваеш нашу крымінальную хроніку і процьму гісторый пра маці-пенсіянерку ды сына-алкаголіка, якога яна выгадавала ды вымушана цягнуць усё жыццё, трываючы здзекі і гвалт. Хлопчык вырас. З хаты выгнаць няпроста, а то і немагчыма… А закон пра сямейны гвалт быў праігнараваны гэтай дзяржавай не раз. Выгадавалі “хлопчыкаў” на сваю бяду, то трывайце. І забудзьцеся пра цэнтр Еўропы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ