Суседзі па доме і свеце



Міхалка не будзе на святочным канцэрце ў сталіцы 25 сакавіка. Не будзе там і Саладухі…

Такія навіны, а яшчэ і новы кліп гурта “Ленінград” старанна абмяркоўвае беларускі фэйсбук. Тэмы цікавыя – грэх не паспрачацца! Беларусы і з-за менш цікавых рэчаў могуць зладзіць не вельмі культурную дыскусію, а па-просту – “бульбасрач”. Нічога страшнага. У спрэчках нараджаецца ісціна. Спрэчкі трымаюць у тонусе. Тут галоўнае не перабаршчыць, утрымаць баланс і рабіць штосьці яшчэ, акрамя саміх спрэчак, у рэальным і віртуальным жыцці.

Падобная сітуацыя і непасрэдна з баршчом ды святам 8 Сакавіка. Жанчыне, як і раіла спадарыня Ярмошына, варта варыць баршчы… Так, час ад часу. Гэта і мужчынам варта рабіць – спажыўны суп ратуе і надае моцы ў нашым шэрым вільготным клімаце. Не паміраць жа з голаду… Маеш час – звары боршчык для сям’і! Маеш настрой – схадзі на мітынг!

Бадай, жанчынам важна памятаць і адзначаць менавіта саму магчымасць рабіць такі выбар – варыць боршч, хадзіць на мітынгі ці спалучаць. Займацца сям’ёй, рабіць кар’еру ці спалучаць. І мець шанец быць ацэненай па чыста чалавечых якасцях, а не гендэрных стэрэатыпах. Дарэчы, зірнуўшы на некаторую цікавую статыстыку пасля некаторых не менш важных даследаванняў, цудоўна разумееш, што такі шанец – быць чалавекам – права, за якое яшчэ варта будзе змагацца… Карацей, давайце паважаць свае правы, спадарства. І правы іншых таварышаў па планеце.

Дарэчы, у іракскім горадзе Масул на моладзевую акцыю ў абарону правоў жанчын выйшлі мужчыны. Мы жывем у больш цывілізаванай дзяржаве, але ж салідарнасці ў плане абароны правоў усіх і кожнага дадаць не зашкодзіць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ