Суседзі па доме і свеце



Гомельская гісторыя з вазочнікам, суседзі якога адзіным фронтам выступілі супраць усталявання электрычнага пад’ёмніка ў пад’ездзе, прагучала на ўсю Беларусь.

Мясцовая праблема, праблема, якую спакойна пагадзіліся вырашыць чаноўнікі, стала невырашальнай па той простай прычыне, што суседзі рашуча выступілі супраць пад’ёмніка. А раптам ён будзе працаваць занадта гучна… А раптам будзе жэрці зашмат электрычнасці (вазочнік пагаджаецца на асобны лічыльнік)… А раптам шафу занесці перашкодзіць… А раптам пажар… А раптам… Ды не хочам мы ваш пад’ёмнік у сваім пад’ездзе мець! Нам ён не патрэбны! Толькі фішка ў тым, што гомельскі вазочнік Андрэй Антоненка – вось якая дзіўная рэч! – хоча выходзіць час ад часу са сваёй кватэры.

Мае права – ён жа не злачынца, якога трэба ізаляваць ад грамадства. І вось тут правы чалавека і правы гіпатэтычнай шафы ці канапы сутыкаюцца і не знаходзяць паразумення. Зразумела, пад’ёмнік шафе прайсці не зашкодзіць – па праекце ён даволі кампактны, сучасны і нікому перашкаджаць не будзе… Але з якога часу правы шафы ў нашай краіне важнейшыя за правы жывых людзей? І людзі побач пераўтвараюцца ў нейкіх біяробатаў без “функцыі” суперажывання. І без разумнага алгарытму параўнання – яны не дапускаюць таго варыянту развіцця падзей, што ім таксама некалі безбар’ернае асяроддзе моцна спатрэбіцца. Не, можна далей есці бульбу, піць гарэлку, паліць танныя цыгарэты і жыць да 100 гадоў у добрым здароўі! Глядзіш на фота з Гомеля – і літаральна адчуваеш вось такую ўпэўненасць у сабе зусім ужо не маладых і на від не моцна здаровых людзей. Зайздросную.

Следам за гісторыяй з Гомеля чытаеш матэрыял з Віцебска, дзе пажылая маці з дачкой вазочніцай жывуць на другім паверху ў доме без ліфта. Іх праблему пад’ёмнік не зможа вырашыць – застаецца толькі пераезд… Але вельмі цяжка пераязджаць і рабіць рамонт на новым месцы дзвюм самотным жанчынам, што не маюць здароўя.

Думайце ўжо сёння пра сваю будучыню, спадарства. Думайце пра пандусы, пад’ёмнікі і ліфты, якія могуць спатрэбіцца вам ці вашым блізкім. Не спадзявайцеся на добрых людзей. Людзі на жыццёвым шляху розныя трапляюцца… Таму не сядзіце на цвіку, як той беларус з показкі, дамагайцеся годных умоваў жыцця па закону. Ужо сёння.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ