Суседзі, суседзі, суседзі…



Суседзяў мы не выбіраем і не можам пракантраляваць, хто жыве ў суседняй кватэры або пабудаваўся на суседнім пляцы. Прыміце як факт і радуйцеся, калі вам пашанцавала.

Трапіліся вам людзі спакойныя ды інтэлігентныя – цудоўна! Не? Прыміце як факт і займайцеся сваімі справамі. Ніхто не ідэал – памылкі і вы дапускаеце… Тут важна іншае – прызнанне сваіх памылак. Маўляў, выбачай, суседка – гэта мае куры папсавалі твае кветкі ды мой сабака падушыў тваіх курэй. А яшчэ лепш – пасадзіць свайго сабаку ў надзейны вальер і таблічку павесіць – “Асцярожна, таварышы! Блізка не падыходзьце!” Папярэджаны – значыць, узброены! Якія прэтэнзіі? Прэтэнзій няма.

У афіцыйнай зводцы “Росгідрамет”заявіў пра перавышэнне ўзроўняў радыяцыі на ўсіх пастах Паўдёвага Урала і фіксацыю «экстрэмальна высокага» забруджвання некаторых тэрыторый побач з Чалябінскам радыеактыўным ізатопам рутэній-106. Аварыя адбылася з 25 верасня па 1 кастрычніка. Першымі пра магчымыя праблемы напісалі не расейцы – французы: “злавілі” рэшткі шкодных рэчываў у атмасферы… Мы побач, але нас сусед у чарговы раз забыўся папярэдзіць.

У Міністэрстве прыроды Беларусі зазначылі, што расейскі бок афіцыйна не праінфармаваў нашу краіну пра выкіды рутэнію пад Чалябінскам. “Не, у нас усё ў парадку!” – “Белгідрамет”. Між тым існуе сумесная беларуска-расейская праграма, па ўмовах якой мы павінны папярэджваць адзін аднаго пра нейкія надзвычайныя сітуацыі.

Усё як заўжды. Нічога новага пад сонцам. І ўвогуле, гэта журналісты ды эколагі “паніку развялі” чарговы раз – заява на сайце “Росгідрамета” за 21 лістапада. Спім спакойна? Чалябінск далёка, але… Пачынаеш насамрэч шкадаваць мясцовых жыхароў, якіх тыя ж французы ў аварыйнай сітуацыі пачалі б эвакуіраваць, а тут… Пэўнасці няма (у эвакуацыі).

Беларускае Радыё РАЦЫЯ